Пра Дамавуху і шляхетнага Дамавіка
Была глыбокая ноч. І калі б гаспадыня адной вялікай гарадской кватэры нечакана прачнулася, яна вельмі здзівілася б. А магчыма, нават ускрыкнула б, пабачыўшы, што цяжкія начныя шторы на акне рухаліся, быццам нехта нябачны зашторваў акно. Адным словам, рабіў тое, што гаспадыня зрабіць забылася. Зразумела, што самі па сабе шторы не маглі рухацца. Іх зашморгвала Дамавуха, каб вялізная жоўтая Поўня не зазірала ў акно.
Гаспадыня не прачнулася, і Дамавуха – істота нізенькая, тоўсценькая, што дзежачка, у доўгай спадніцы з шырокай фальбонаю ды ў кофце з брыжыкамі, – шчыльна занавесіўшы акно, ціхенька выйшла з пакоя. І тут жа зазірнула ў суседні, дзе на двух’ярусным ложку спалі дзеці гаспадароў. На верхнім ярусе – дзевяцігадовы Юрась, на ніжнім – пяцігадовая Наташка.
– Вох-вох, – пакруціла галавой Дамавуха і падумала: як было на старой кватэры, так і тут, на новай, куды месяц таму пераехалі гаспадары. Дзіцячыя цацкі параскіданы па ўсім пакоі, Наташчына адзенне ляжыць на падлозе. Хіба ж гэтак можна! Дамавуха пачала ціхенька збіраць і складваць у скрыню для цацак кубікі, мячыкі, лялькі, машынкі, цацачны посуд. Раптам на сваім ніжнім ложку заварушылася Наташка, перавярнулася на другі бачок і нечакана захныкала ў сне. Больш за тое, яна яшчэ і некалькі разоў роспачна ўскрыкнула: “Марыська! Марыся! Мне без цябе кепска! Ты дзе?! Дзе ты, Марыська?!”
– Дзе-дзе? На старой кватэры ляжыць, пакінутая! – ціхенька прабурчэла Дамавуха і прысела на краёк ложка. Паправіла коўдру, асцярожна пагладзіла дзяўчынку па плячы: – Ну, не плач! Не плач, міленькая! Ты ж сама пакінула сваю Марыську. Паслухалася маці, якая сказала, каб ты не брала з сабою старую ляльку ў новае жытло. А цяпер сумуеш! Якую ўжо ноч плачаш у сне, клічаш і клічаш Марыську! Вох-вох, – цяжка ўздыхнула Дамавуха. – А я ж таксама сумую! І казала, і прасіла Дамавіка, каб залазіў у машыну, калі пераязджалі сюды, а ён заўпарціўся! Маўляў, ніхто не просіць мяне! Застаўся ў старой кватэры разам з Марыськай. А як жа тут патрэбны ягоныя рукі! Няма каму дапамагчы гаспадару, якому трэба то мэблю перасунуць, то дыван на сцяну падвесіць!
Наташка зноў захныкала і зноў ускрыкнула: “Марыська! Марыся! Табе кепска без мяне! Я ведаю, кепска!”
– Ну, не плач, не плач, мая дзяўчынка, супакойся, – зашаптала Дамавуха і паднялася з ложка. – Ну вядома! Марыся таксама сумуе без Наташкі! А Дамавік? Цікава, як яны там, у старой кватэры?! – Дамавуха нечакана нахілілася і некалькі разоў тузанула за кутасік, які матляўся на яе мяккім пантофліку, нагадваючы заечы хвосцік. І – о, цуд! Яна ў той жа момант апынулася ў адным з пакояў старой кватэры. Праўда, адразу моцна расчхалася:
– Апчхі-і! Апчхі-і! Што ж тут такое адбываецца?! Адкуль столькі пылу?!
– Ды рамонт тут, хіба не бачыш? – пачуўся голас Дамавіка і з-пад груду запэцканых газет і нейкіх каробак з’явіўся ён сам і таксама чхнуў: – Апчхі!
– Ага, чыхаўка даймае! – адазвалася Дамавуха. – А мог бы зараз у кватэры ўтульнай палёжваць, шалапут ты стары!
– Я не шалапутны, я – шляхетны! – хутка адказаў Дамавік і прыгладзіў сваю доўгую сівую бараду. – Э-э, я, ведаеш, некалі ў шляхціца аднаго жыў. Як ён мяне паважаў! Здаралася, нават з хлебам-соллю ў маю камору прыходзіў і лагодна прамаўляў: “Дамавік, Дамавік! Вазьмі ад мяне хлеб-соль, любі маіх коней і шануй! Я таксама буду цябе любіць і шанаваць!” Шляхціц той мяне нават у Вільню і ў Парыж неаднойчы з сабою браў! А потым, э-э, паўстанне было, шляхціц у чужы край мусіў з’ехаць. Маёнтак яго на сястру перапісалі. Ну, і я пачаў вандраваць! І вось тут, ужо ў гэтым стагоддзі, у гэтай кватэры раптам такая непавага да мяне! Ды гаспадыня павінна была сказаць: “Ну, давай, Дамавік, скачы ў маю сумку! Пераязджай разам з намі ў новую кватэру, вельмі прашу, бо жыцця без цябе добрага нам не будзе!” І вось жа не сказала! А я не люблю непавагі да сябе! Таму вяртайся назад! А мы ўжо неяк з Марыськаю тут будзем!
– А дзе ж Марыська? – запыталася Дамавуха.
– Ды ў пакоі другім, усё плача і плача, сумуе па Натцы. Не трывож ты яе! У мяне план з’явіўся. Думаю, што хутка ўсё, кхе-кхе, на сваё месца стане. Нам з Марыськаю наш новы сябра дапаможа. Гаспадыня з’явіцца сюды, вось пабачыш! Пачне мяне ўпрошваць! А цяпер давай, знікай, хутка развіднее! Да сустрэчы ў новай кватэры!
– Як развіднее? – усхапілася Дамавуха. – А я ж куртачкі дзецям пачысціць думала! Ім жа хутка ўставаць. Юрасіку ў школу трэба будзе збірацца, Наташцы – у садок! Э-э, ён, бачыш ты, шляхетны! Не веру я, не веру ў аніякі твой план! – Дамавуха адвярнулася, каб Дамавік не пабачыў слёз, што навярнуліся на яе вочы. І тут жа нахілілася, раз-другі тузанула за кутасік на пантофліку і знікла, як і не было яе ў старой кватэры.
І застаецца толькі здагадвацца, давядзецца ім сустрэцца ў новай кватэры ці не? Пра гэта, на вялікі жаль, дакладна ніхто нічога не ведае.
(Пра Паветрыкаў чытайце ў пятым нумары часопіса)
Раіса Баравікова