Верш на памяць
Пятница, 10.04.2015 07:23. Рубрика: Вершы
Пасля ціхіх перастрэлак
I налётаў штурмавых
На плацдармах абгарэлых
Усё менш і менш жывых.
Пад зямлёй сышліся цені
Неданесеных штыкоў.
Як загад аб наступленні –
Век кароткі ў юнакоў…
Зразумець мы хочам мову
Вешчых траў і светлых дрэў:
Можа, ў іх ёсць тыя словы,
Што сказаць хтось не паспеў.
Аляксей ПЫСІН
Аляксей ПЫСІН (22.03.1920 – 27.08.1981) – беларускі пісьменнік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Для дзяцей напісаў кнігі “Матылёчкі-матылі”, “Вясёлка над плёсам”, “Кавылёк”, “Колькі сонцаў!” і іншыя. У гэтым месяцы спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння паэта.