Як ідзе пошта?
Для нас звыкла даставаць з паштовай скрыні лісты, што пераадолелі , магчыма, тысячы кіламетраў. А ці задумваліся вы, як яны дайшлі да нас? Спачатку адрасант апускае ліст у паштовую скрыню, потым прыходзіць паштальён, які збірае канверты з усіх скрыняў квартала і прыносіць у аддзяленне сувязі. Гашэнне марак і штампаванне выконвае машына. Потым лісты раскладваюць па адрасах, куды яны павінны адправіцца. Гэта вельмі карпатлівая праца: трэба ўлічыць вобласці, раёны і гарады нашай краіны і замежныя адрасы.
Пошта адпраўляецца па чыгунцы і самалётам. Тыя лісты і пасылкі, якія паляцяць на самалётах, пакуюць у спецыяльныя мяхі і адвозяць у аэрапорт. Звычайная пошта адвозіцца на грузавіках на вакзалы. Дарэчы, у цягніках, што ідуць на далёкія адлегласці, існуюць паштовыя вагоны. Такім чынам, пошта перадаецца з вакзала на вакзал, адвозіцца ў аддзяленні сувязі, а потым перадаецца паштальёнам на адрас. Цікавае падарожжа?
З дапамогай паштовай сувязі да вас прыходзяць часопісы “Буся” і “Вясёлка”. Яны друкуюцца на фабрыцы “Чырвоная зорка”, заўсёды прыгожыя і прывабныя. А распаўсюджваюць выданні “Белпошта” і “Белсаюздрук”. Зазірніце ў сваю паштовую скрыню: магчыма, вас ужо чакаюць нашы часопісы, якія прынёс паштальён.
ТЭРЫТОРЫЯ ЭРУДЫТАЎ
Ці ведаеце вы, што:
* самы вялікі ліст – пергамент даўжынёй 10 метраў і шырынёй 7 метраў быў адпраўлены персідскаму шаху Тахмалсу турэцкім султанам Сулейманам у 16 стагоддзі. Цяпер ліст захоўваецца ў этнаграфічным музеі Анкары;
* самы маленькі ліст 23х36 мм быў знойдзены ў фондах Паштовага музея Стакгольма;
*самы дарагі ліст, згодна з “Кнігай рэкордаў Гінеса”, – ліст Аўраама Лінкальна ў адказ на просьбу 195 хлопчыкаў і дзяўчынак аб адмене рабства.
А цяпер заданне. Запішыце адказы ў крыжаванку згодна з нумарамі.
1. Ліст невялікага памеру агітацыйнага ці рэкламнага характару.
2. Каляровае віншаванне.
3.Расклад лістоў у адпаведнасці з адрасамі.
4. Штомесячнае выданне.