Віяланчэль
Маленькая сімфонія
Вельмі даўно ў сонечнай Італіі жыў бедны цясляр Нікола. Ён быў закаханы ў дзяўчыну чароўнай прыгажосці з незвычайным імем Віяланчэль. Яна таксама кахала Нікола. Але ж бацькі дзяўчыны былі супраць іх шлюбу і аддалі дачку замуж за багатага хлопца. Каханыя назаўжды былі разлучаныя.
Тады Нікола надумаў стварыць музычны інструмент у памяць пра сваю каханую, які б спяваў яе цудоўным голасам. І праз некалькі гадоў над вузкімі вуліцамі горада загучала віяланчэль.
Інструмент быццам паўтарае зграбную фігуру дзяўчыны: ёсць галава, корпус амаль як чалавечае тулава, невялічкая ножка, якая называецца шпілем, і незвычайныя валасы – струны (іх чатыры). Дарэчы, віяланчэль, як і кожная дзяўчына, сочыць за сваёй прыгажосцю і расчэсвае валасы. А ролю грабеньчыка выконвае смык (ён зроблены са спецыяльнага дрэва і конскага воласа). І вось калі віяланчэліст дакранаецца смыком да струнаў, мы чуем мяккія, густыя, велічна-ўзнёслыя гукі – гэта пяшчотна спявае Віяланчэль для свайго каханага Нікола.
Вальжына ПРОХАРАВА