Конкурс “Чароўны куфэрак”
Сёлета спаўняецца 70 гадоў з Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Вучні Ільянскай сярэдняй школы імя А. А. Грымаця, што знаходзіцца ў Вілейскім раёне, прысвяцілі свае творы ўсім, хто здабываў Перамогу, змагаўся за вызваленне роднага краю.
Мой прадзед-франтавік
Вайна несла гора – у кожную хату.
Змагаліся з ворагам мужна салдаты.
Хоць танкаў у немцаў было вельмі многа,
У нашых салдатаў была Перамога!
Мой прадзед Пётр ваяваў. Ён быў памочнікам кулямётчыка: дапамагаў несці цяжкі кулямёт і абліваў яго вадой, калі ён награваўся падчас бою. Два разы прадзед быў паранены. Дамоў, у вёску Ілья, вярнуўся ў 1946 годзе без рукі і з асколкам у назе.
Пасля вайны прадзед пабудаваў хату, пасадзіў яблыневы сад. У іх з прабабуляй Зінаідай нарадзілася трое дзяцей, сярод якіх – мой дзядуля Мікалай.
Я ні разу не бачыла прадзеда, але часта думаю пра яго, шкадую, што яму выпаў такі складаны лёс. А яшчэ – ганаруся ім.
Юлія Ярашонак, 3 клас.
Ваенныя ордэны
Калі мой прадзед Лёша жыў у нас, я была яшчэ малая. Мы ўсе звалі яго дзедам, дзед Вася – татам, а бабуля Роза – Аляксеем Вавілавічам. Ён быў строгім і патрабавальным, але разам з тым вясёлым і добрым. Пра вайну ўспамінаць не любіў, а пра раненне расказваў, калі прасілі. Вось пра гэта і мой аповед.
…Бой ішоў другую гадзіну. То тут, то там ускідваліся чорныя слупы ад выбухаў бомбаў і снарадаў, стракаталі кулямёты, шчоўкалі вінтоўкі. Раптам кулямёт справа змоўк. Камандзір роты паслаў Аляксея паглядзець, чаму маўчыць кулямёт. Перабежкамі салдат дабраўся да патрэбнага месца і ўбачыў скрываўленага кулямётчыка… Раптам працяў невыносны боль, быццам хто штык загнаў у спіну. Скрануцца з месца Аляксей ужо не мог. Падпоўз санінструктар Вася, дастаў пакет, каб зрабіць перавязку і раптам уткнуўся тварам у зямлю. Апошняе, што салдат Алёша ўбачыў, – крывавы струменьчык, які сцякаў па скроні сябрука Васі.
Непрытомнага салдата Аляксея Шэрага падабралі ўжо надвячоркам. Куля глыбока засела ў пазваночніку, і прадзед доўгі час ляжаў у шпіталі нерухома. Кулю дастаць было немагчыма, бо знаходзілася яна за міліметр ад цэнтральнага пазваночнага слупа.
Прадзед памёр, калі я была маленькай. Але я памятаю яго. Мы часта разглядаем фотаздымкі, дзе ўся наша сям’я разам з ім. На святы дастаём яго ордэны і медалі.
Серафіма Шэрая, 6 клас.
Музей
Ты прыходзь у наш музей,
Шмат убачыш тут падзей.
У экспазіцыі адной –
Усё, што звязана з вайной.
Тут снарады, аўтаматы,
Міны, гільзы і гранаты,
Фотаздымкі, медалі –
Захаваць мы ўсё змаглі.
Ты прыходзь у наш музей,
Шмат убачыш тут падзей!
Павел Кірпік, 7 клас.
Салдаты Брэсцкай крэпасці
Крэпасць. Цішыня. І раптам…
Побач выбухі гарматы.
Ды салдат наш не збаяўся –
Мужна з ворагам змагаўся!
Марыя Шмаргалава, 5 клас.