Салігорскія шахцёры
Вторник, 24.03.2015 10:17. Рубрика: Вершы
Тата наш сябруе з казкай –
Гэтак шахты мы завём.
Надзявае ранкам каску
З яркай лямпай над брылём.
Толькі я расплюшчу вочы,
Над зямлёй заднее ледзь,
А ўжо дзесь грыміць, грукоча –
Пад зямлю імчыцца клець.
Пад зямлёй – свае прасторы.
Гром,
паўзмрок,
густая стынь.
Прабіваюць шлях шахцёры
Праз адвечныя пласты.
Там, у шахце, у забоі
Дзень і ноч святло гарыць.
Глуха стогнуць нашы хвоі,
Як стагналі і ў бары.
Свет гудзе там адгалоссем.
Ён слаісты, як пірог:
Столькі там пераплялося,
Пад зямлёй, шляхоў-дарог.
Не было ў нас гор ніколі.
Скажуць некалі:
– Былі!
Салігорцы горы солі
Падымалі з-пад зямлі!…
Казімір КАМЕЙША