Цямлівы кот і шляхецкі сын
Жыў быў адзін шляхціц. Не самы багаты, ды і не самы бедны. Млын быў, гаспадарка якая-ніякія, зямліца ды грошай, не шмат і не мала. І было ў яго тры сыны. Старэйшы – найразумнейшы, сярэдні – найдужэйшы, а малодшы – самы добры. Старэйшы, як самы разумны, дапамагаў бацьку весці гаспадарку. Сярэдні, як самы дужы, дапамагаў бацьку на млыне.
А малодшы, звалі якога Мікола, па дробязі дапамагаў усім – і сена накосіць, і жывёлу накорміць, і на млыне чым можа дапаможа. Старэйшыя браты ўжо жонак пабралі, і малодшы пакуль так і жыў адзін. Затое, куды б ён не пайшоў, паўсюль хадзіў за ім кот, якога Мікола яшчэ кацянём выратаваў ад сабакі, што гналася за ім. Не мог добры Міколка прайсці міма, каб не заступіцца за беднага кацяня. З таго часу ўдзячны кот так і хадзіў за сваім выратавальнікам.
І ўсе браты жылі добра і ў згодзе, і ў паслухмянасці да бацькі. Але сталася гэтакая бяда – у адзін нялёгкі дзень памёр стары, відаць, час яго надышоў. У спадчыну старэйшаму сыну дасталася гаспадарка, сярэдняму – млын, а малодшаму – зямліцы той трошкі, ды грошай тры жмені. Засмуціўся Мікола, залез на печ, ды засумаваў, ледзьве не плача. І бацьку шкада, і сабе шкада, што амаль адзін застаўся.
– У братоў хоць жонкі ёсць, а ў мяне хто? Зямлі небагата. А грошай? Не разжывешся.
Тут кот яму і кажа:
– Не сумуй, пане гаспадар, дапамагу я табе.
– Дзякуй, дружа, ды чым ты мне можаш дапамагчы?
– А ты мяне проста слухай, і рабі што і як скажу. І будзе табе шчасце. Ты мяне выратаваў, цяпер я табе дапамагу. Вер, не падману.
Пачухаў Мікола патыліцу, ды й даверыўся свайму сябру.
– Вазьмі, паночак, грошы, – кажа кот, – купі сабе жупан атласны, кунтуш шаўковы, аксамітавую магерку, а лепш сабаліную шапку, чырвоныя боцікі, ды пас залаты, а хоць сабе і срэбраны.
– Ды на гэтакі строй амаль усе мае грошыйкі і растрацяцца.
– А як жа ты яшчэ збіраешся ісці да князя?
– Да князя? Ды з чаго гэта?
– Як з чаго? Рукі яго дачкі прасіць.
– Ха–ха! – не вытрымаў Мікола. – З чаго гэта ты вырашыў, што сам князь пагадзіцца за мяне аддаць сваю дачку?
– А ты слухай мяне, і быць таму, як я кажу, – упэўнена настойваў кот.
– Ну глядзі! Калі так – будзе табе і масла і смятана штодня. А калі князь загадае сваім жаўнерам гнаць мяне са двара – то і цябе на пячы не ляжаць.
Паслухаўся Мікола свайго ката, набыў сабе багатай і раскошнай адзежы, апрануся ў яе, ды нават і сам дзівіцца:
– Аёй, і добра ж я выглядаю!
Не даць, не ўзяць – заможны пане.
І адправіўся ён да самога князя, прасіць рукі яго дачкі. Князь не стаў яго гнаць, як баяўся Мікола, а для пачатку распытаў.
– А якога пане паходжання будзе? Мо таксама княжага?
– Князёў сярод нас не было, але якая не ёсць ды шляхта.
– Дык можа вы багаты? Маеце хоць які палац?
– Багаццяў не маю, але не бядую. Палацу няма, ды спаць ёсць дзе.
– Не знатны, не багаты. Але жадаеш парадніцца з князямі. Відаць жа смелы ты, як сюды прыйшоў. Што ж, – кажа князь памеркаваўшы. – Дапамагу я як табе разбагацець, а там можаш і рукі маёй дачкі прасіць.
Узрадаваўся было Мікола, ды не ўсё так проста апынулася.
– Выканаеш тры заданні – быць табе і багатым, і зяцем князя.
Насцярожыўся тут Мікола.
– Шайка разбойнікаў выкрала мой абоз, які вёз куфар поўны золата.
Адшукаеш іх і адбярэш куфар – быць табе багатым. А яшчэ на ўскрайку нашага княства ў высокім замку жыве волат, што не дае спакою нашым сялянам. То карову чыю звядзе, то гароды спустошыць. Пазбавішся яго – вось табе і замак. Ды цмок яшчэ нейкі з’явіўся ў нашых землях. Вынішчае і спальвае ўсё што трапіць на яго шляху. Адолееш і яго – тады і прыходзь.
Падумаў Мікола, паглядзеў на свайго ката, які на ўсё гэта яго падпіхнуў, а той яму ціха і шэпча:
– Пагаджайся, што-небудзь ды прыдумаем.
Няма чаго рабіць, Мікалай і пагадзіўся. Гонар і шляхецкае паходжанне не давалі яму апусціць галавы, але ж у сэрцах ён дужа засумаваў. Як жа яму з гэтакімі заданнямі зладзіцца?
Выйшаў засмучаны Мікола ад князя, ды толькі і кажа:
– Ну і што мы цяпер рабіць будзем?
– Вяртайся, гаспадар, дадому, а я пазней буду.
Мікалай пайшоў дадому, а кот пабег сабе дварамі. І толькі ўвечары кот вярнуўся. Усіх аббег ён і ўсіх распытаў, і каго ведае і каго не ведае.
– Усё, ведаю я, дзе тыя разбойнікі. Сёння ўжо позна, а пераначуем, то болей пачуем. Заўтра быць табе багацеем.
Наступным днём яны крануліся ў шлях. Кот даведаўся, якою дарогаю разбойнікі вязуць абоз, і зараз яны спяшаліся ім насустрач. Урэшце яны знайшлі тых разбойнікаў, якія ішлі густым лесам малавядомай дарогаю. Але як жа з імі зладзіцца? Мікола ўзяў з сабою шаблю, але ён адзін, а іх вунь колькі!
Але ж кот не разгубіўся. Разбегся, ды і скок на той абоз. Ды і давай што ёсць моцы мяўкаць. Разбойнікам толькі смешна з таго, не разумеюць што да чаго. Кот мяўкаў, мяўкаў, ды пачулі тое лясныя ваўкі, ды як завыюць па лесе.
І тут разбойнікам стала ўжо не да смеху. Яны і прагнаць таго ката захацелі, ды бачаць – ужо позна. Нясуцца на іх галодныя ваўкі з усіх бакоў. Кот саскочыў, і вышэй на дрэва. А разбойнікі спужаліся, ды кінуліся ў рассыпную. А ваўкі ўбачылі, што людзі бягуць, а не кот, ды самі спалохаліся, і давай адтуль наўцёкі.
Нікога няма, ды толькі абоз запрэжаны канямі пасярод дарогі стаіць, а ў тым абозе – куфар княжы.
– Вось дык кот, вось дык цямлівы! – хваліць Мікола, падыходзячы да абозу.
– А зараз сядай у абоз і едзем адсюль хутчэй, пакуль разбойнікі не апамяталіся.
Ускочыў Мікалай ў абоз, і пагнаў хутчэй коней.
– А зараз куды? – пытаецца ён у ката.
– У замак да волата. Грошы ў нас ёсць, будзем замак табе здабываць.
– А ці пусціць нас волат у свой замак?
– З куфрам золата пусціць.
Не зразумеў Мікола, што да чаго, але пасля гэтакай здабычы ён яшчэ болей стаў давяраць кату. Даехалі яны да замку, глядзіць хлопец і нават страшна яму робіцца. Замак вялікі, дзверы велізарныя, вокны прасторныя. Адразу бачна, што тут волат жыве, і пэўна што і сам вялізнага росту. А ў адным з кутоў замку ўзвышаецца вежа. Ды гэтакая высокая, што з яе, падаецца, можна разгледзець усё княства.
А кот быццам не аб чым і не думае. Саскоквае з абозу, падыходзіць да дзвярэй і давай грукаць у іх. Праходзіць пэўны час, і чуецца гучны ды грозны голас, ад якога ажно мурашы па целе:
– Гэта хто там асмеліўся мяне патрывожыць? Зараз выйду, ды раздаўлю як казявак.
– Да мы да вас з пашанаю, – адказвае цямлівы кот. – Мы вам цэлы куфар золата прывезлі ў знак павагі.
Толькі Мікалай захацеў запрацівіцца кату, ці не збіраецца той і насамрэч аддаць куфар волату, як адчыняюцца дзверы, і ў іх паўстае сам волат. Ды такі вялізны, што гэтакіх як Мікола трэба ажно пяць, ці нават болей. Волат бачыць – а і на самой справе стаіць каля дзвярэй абоз з куфрам поўным золата. Дзівіцца той, а кот выкарыстаў момант – скок ды скок таму на плечы, кіпцюрамі па карку, ды бегчы праз дзверы ў замак. Волат ускрыкнуў, раззлаваўся, ды давай за ім. А кот наўпрост да той самай высокай вежы.
Забягае ў яе, а там высокая-высокая доўгая вітая лесвіца ўгару вядзе. Кот па ёй, волат за ім, і да самага верху. Пакуль забеглі, абодва стаміліся, а ў волата, відаць, яшчэ і галава трохі закруцілася. А на самым версе – круглы пакой, і толькі некалькі вялікіх акон. І кот давай бегаць кругом па таму пакою ўздоўж сцен, а раззлаваны волат за ім. Бегаў волат, бегаў, пакуль галава зусім не закруцілася. Бачыць кот, стамляецца волат, і скок на акно. Волат за ім, ды галава ў яго ўжо так закруцілася, што не ўтрымаў ён раўнавагі, ды і кульнуўся з гэтакай вышыні дадолу, і аб зямлю.
Вось і волата няма, а ў Міколы і куфар золата, і замак цяпер яго. Яшчэ б таго цмока высачыць. Падыходзіць хлопец да акна, глядзіць, а з гэтакай вышыні ўсё княства, як на далоні. Прыгледзеўся ён, бачыць – ляціць нешта, і агнём дыхае. Так і ёсць – той самы цмок. Прасачыў Мікола, куды той цмок паляцеў, і наступным днём адправіўся са сваім катом у тым напрамку. Далёка схаваўся той цмок, не дзіва, што яго ніхто не мог знайсці. За ракою, за ўзгоркамі, за цёмным непралазным лесам. Доўга яны ішлі, але ўрэшце прыйшлі.
Бачаць яны – стаіць хата. Не багатая, не бедная. Ды адна стаіць, а вакол больш хат і няма. І чуюць яны лопат крылаў з лесу набліжаецца. Схаваліся яны ў хмызняку і назіраюць. Спускаецца з неба цмок на паляну перад хатай, і толькі яго ногі кранаюцца зямлі, як ператварыўся ён у чалавека. Аказваецца, вядзьмак гэта быў злы.
Але і тут наш кот не разгубіўся і не збаяўся. Выходзіць ён з-за хмызняку, і да таго ведзьмака:
– Вой, і спрытна ж у вас гэта атрымліваецца. Колькі жыву, не бачыў гэтакіх вялікіх ведзьмакоў як вы. Упэўнены, што з усіх ведзьмакоў вы дакладна найвялікшы.
Даспадобы прыйшлася гэтакая ліслівасць ведзьмаку, і не стаў ён чыніць шкоды смеламу кату.
– Дзякую! Мяне, прызнацца, яшчэ ніхто не называў найвялікшым.
– О, так, так, вы безумоўна ж найвялікшы, калі з гэтакаю лёгкасцю пераўвасабляецеся ў цмока.
– Ды я ўвогуле магу пераўвасобіцца ў каго заўгодна. Але нішто так не палохае людзей, як вобраз агнядышнага цмока.
– У каго ў каго заўгодна?
– У каго пажадаю!
– Я сам бачыў, што вы можаце ператварыцца ў цмока. Але ён вялікі. А ці можаце, вы, о вялікі вядзьмак, пераўвасобіцца з гэтакай жа лёгкасцю ў нешта маленькае. Скажам, у мышку, напрыклад. Падаецца мне, вы ўжо не крыўдзіцеся, але гэта будзе нашмат цяжэй. Мо нават і не магчыма.
– Не магчыма?! Для мяне?! Дык вось запамятай, кот, для мяне няма нічога немагчымага!
І вядзьмак, якога разгарачылі гэтакія словы, пляснуў у далоні і ў той жа момант ператварыўся ў маленькае мышаня. А цямлівы кот толькі таго і чакаў. І піснуць тое мышаня не паспела, як кот скокнуў да яе і ўраз праглынуў. Нават хвосціка не засталося.
Тут выбег з-за хмызняку ўзрадаваны Мікола, падхапіў свайго ката на рукі і горача-горача абняў яго.
– Вось дык кот, вось дык цямлівы! – не мог нарадавацца ён.
– Я ж казаў, што не падману.
Дапамог кот выканаць свайму гаспадару ўсе заданні князя, насамрэч не падмануў. Стрымаў і князь сваё слова, пагадзіўся аддаць сваю дачку за маладога шляхцюка. Ды і чаму не пагадзіцца, калі ў таго зараз і куфар золата, ды замак такі вялізны.
Праз пэўны час і вяселле зладзілі, на якое і браты Мікалая былі запрошаны. Ад усёй душы яны віншавалі свайго малодшага ды шчаслівага з таго часу брата. А кот на тым вяселлі столькі смятаны з маслам з’еў, а яшчэ і рыбкі ды розных ласункаў апроч таго, што ніколі ў жыцці сваім столькі і не бачыў. І цяпер штодня, як і абяцаў Мікола, было ў яго і смятаны і масліца
ўдосталь.
І маладыя зажылі шчасліва, у каханні і ў дастатку, як і мае быць.
Алег Грушэцкі
лексіка і арфаграфія аўтара захаваны