Шчаслівы білет
Зазваніў хатні тэлефон, і дзяўчынка гарэзліва пачала размову.
– Бабуля, прывітанне!
– Манечка, а ці спадабаўся табе мой падарунак?
– Так, бінокль вельмі прыгожы, абавязкова трэба ім пакарыстацца. Дарэчы, тата абяцаў набыць білеты на балет “Шчаўкунок”. Слухай, бабуля, а чаму білеты трэба абавязкова набываць?
– Разумееш, білет – гэта пропуск на мерапрыемства. Практычна штотыдзень на вуліцах з’яўляюцца новыя афішы, якія паведамляюць пра спектаклі ў Вялікім тэатры Беларусі. Убачыўшы на постэры асобы любімых выканаўцаў, назвы спектакляў, прыхільнікі пачынаюць штурмаваць білетныя касы. Хаця, ты ведаеш, часам білеты можна атрымаць у падарунак ад тэатра, і гэта ўжо будзе запрашальны білет.
– А калі табе не дораць запрашальны білет? Не адмаўляцца ж ад паходу на дзею, дзе можна на свае вочы ўбачыць велічныя і прыгожыя пастаноўкі?
– Вядома ж, не трэба адмаўляцца. Трэба ісці і набываць! Раней у чарзе па білеты можна было прастаяць не адну гадзіну. А што рабіць, калі няма на гэта часу, мы ж усе працуем?
– А ў гэтым выпадку зараз усё прасцей. Той, хто загружаны працай і чый дзень распісаны па хвілінах, можа скарыстацца інтэрнэтам і купіць квіткі на спектакль, не выходзячы з хаты. Пагадзіся, гэта вельмі зручна. Ёсць такія сайты, што робяць анонсы культурных мерапрыемстваў. Трэба толькі загугліць назву спектакля.
– І што, адразу можна атрымаць адказы на ўсе пытанні?
– Ну вось што б ты спытала ў касіркі з білетнай касы, каб палегчыць выбар?
– Ці засталіся вольныя месцы? Колькі каштуе білет? Паглядзела б схему залы, каб выбраць тыя месцы, з якіх найбольш добра бачна.
– У нас жа ёсць бінокль, нам усё роўна, дзе сядзець, забылася? Можна выбіраць месцы трохі таннейшыя.
– Добра, але як гэта зрабіць?
– Перайшоўшы па актыўнай спасылцы, мы ўбачым схему залы. Калі навесці курсор, на той ці іншы сектар, нават месца, з’явіцца кошт квітка.
– Добра, але што, калі мы працуем да шасці гадзін?
– Ну, уяві сабе віртуальныя касы, дзе купіць пропуск на мерапрыемства можна ў любы час. Галоўнае – памятаць, што браніраванне немагчымае, калі да мерапрыемства засталося менш за тры дні.
– А можна папрасіць, каб тое, што мы выбралі, прывезлі нам дамоў ці на працу?
– Так, бабуля, усё магчыма! Вось глядзі, што прапаноўвае нам афіша Вялікага тэатра: “Трое парасят”, балет у дзвюх дзеях Святланы Кібіравай, оперу “Церам-Церамок” Ільі Польскага, оперу “Чароўная музыка” Марка Мінко, балет у трох дзеях “Чыпаліна” Карэна Хачатурана, опера “Віні-Пух і ўсе, усе, усе…” Вольгі Пятровай. А “Шчаўкунка” ўжо і няма, шкада.
– Нічога, пойдзем на “Чароўную музыку”. А ты ведаеш, што ў нашы часы было амаль немагчыма купіць квіточак у Вялікі тэатр? Усе спектаклі тэатра выклікаюць вялікую цікавасць. На творчых сустрэчах артыстаў з гледачамі часцей за ўсё гучыць такое пытанне: як дастаць квіток у Вялікі тэатр Беларусі? У той далёкі дзень мы з сяброўкай вырашылі паспытаць лёс і набыць квіток перад пачаткам спектакля. Вырашылі дзейнічаць простым спосабам: паспрабаваць купіць “лішні білецік”. Бывала, што чалавек па нейкіх прычынах не можа ісці ў тэатр. Тады перад пачаткам спектакля прадае квіток з рук. Як правіла, па намінальным кошце. І ў нас атрымалася! А далей ты ўжо ведаеш і пра нашы прыгожыя сукенкі, і пра цудоўныя месцы, і пра нечаканае знаёмства з тваім дзядулем!
– Дык ты набыла шчаслівы білет!
Анастасія Радзікевіч