Як прыдумалі каляндар?
Сёння мы звяраем дату па календары. А як раней нашы продкі вызначалі дату?
Калі старажытныя людзі пачалі вырошчваць хлеб і збіраць ураджай, было прыкмечана, што час пасеву штогод прыпадае на адну і тую ж пару. І людзі сталі лічыць, колькі дзён праходзіць паміж пасевамі. Гэта была першая спроба вызначыць, колькі змяшчаецца дзён у годзе. Егіпцяне першыя вызначылі гэта, паколькі яны ведалі, што лепшым часам для пасеваў быў штогадовы разліў Ніла. Яны падлічылі, што ў час між разлівамі месяц 12 разоў становіцца поўным. І яшчэ: штогод, прыкладна з пачаткам разліву, перад узыходам сонца, на небе з’яўляецца яркая зорка. Пералічылі дні паміж гэтымі падзеямі – аказалася 365 дзён. Такім чынам, егіпцяне раздзялілі год на 12 месяцаў, па 30 дзён у кожным, а ў канцы года дадавалі 5 дзён. Гэта адбылося 6 000 гадоў таму!
Пазней каляндар удасканаліў рымскі імператар Юлій Цэзар, паколькі дакладныя вылічэнні паказалі: колькасць дзён, неабходных Зямлі для поўнага звароту вакол сонца, – 365,25. Назапашаныя за чатыры гады дадатковыя суткі прылічылі да другога па ліку месяца – лютага. Так і павялося, што кожны чацвёрты люты – высакосны, гэта значыць, большы на адзін дзень. А ў 1582 годзе Папа Грыгорый ХІІІ прыняў канчатковы варыянт календара, якім мы карыстаемся сёння і які называецца грыгарыянскім.