Прынцэса Румзаніда ў Краіне Лялек
Жыла-была прынцэса Румзаніда. Яна ўвесь час плакала. Чаму? З розных нагод! Спячэ кухар на сняданак пірог з вішнямі – а ў яе апетыт на манную кашу. Прынясуць прынцэсе кашу – а ёй бульбы ў мундзірах хочацца. Вось і плача.
Аднойчы галасіла Румзаніда, бо не магла выбраць сабе сукенку. Не хацелася ёй строяў ні з фальбонамі, ні з карункамі, ні стракатых, ні аднатонных. Якое ўбранне ні пададуць – усё Румзанідзе не тое. Урэшце падступілася прынцэса да куфра, які ў яе пакоі стаяў. Дзівоснымі птушкамі і кветкамі размаляваны, на вялікі замок замкнёны.
– Раптам у ім найпрыгажэйшая сукенка схаваная? – падумала Румзаніда і давай замок круціць. І ключы да яго падбірала, і збіваць загадала – не адчыняецца! Во ўжо галасіла прынцэса!
А куфар быў не просты, а зачараваны. Казалі, нібыта ў далёкія часы прапрапрабабуля прынцэсы схавала ў куфры нешта таемнае. Што? Ніхто не ведаў, а паглядзець не маглі: зачараваны замок не паддаваўся.
Упартай жа Румзанідзе ніякія чары не ўказ! Галасіла яна ля куфра так несуцешна, тупала ножкамі так злосна, што ўрэшце здарыўся землятрус. Усё каралеўства пад зямлю пайшло, а на яго месцы возера разлілося – са слёз, наплаканых прынцэсай!
Толькі невялікі лапік зямлі ад каралеўства застаўся. Вось на ім і апынулася Румзаніда разам з куфрам. Напалохалася, нават плакаць перастала.
І раптам куфар адчыніўся. Румзаніда пабачыла маленькую лялечку. Рук і валасоў у яе не было, ног – не бачна. А галава як шар – ні вачэй, ні носа, ні вуснаў. Гэта была Папялушка – найстаражытнейшая з лялек. Але Румзаніда гэтага не ведала.
Лялечка загаварыла.
– Што ты вытвараеш, Румзаніда? Сарамаціш увесь каралеўскі род!
Толькі пачула ганарыстая Румзаніда, што яе ўшчуваюць, страх як рукой зняло.
– Ах ты пудзіла! Вучыць мяне надумала! Енчыла і енчыць буду, пакуль каралеўства зноў перада мной не з’явіцца! А ты каціся ў цёмны лес!
– Ах, прынцэса, прынцэса! – дакорліва сказала лялечка. – Я пакачуся – але ж табе давядзецца мяне шукаць.
Тут імгненна пацямнела, віхура падхапіла і панесла лялечку, а на месцы куфра з’явіўся распісны човен. Вада ўсё прыбывала, заліваючы і так невялікі лапік зямлі. І Румзаніда скочыла ў човен – дзявацца ёй не было куды.
Паплыў човен па возеры. А прынцэса нават заплакаць ужо не магла. Ледзь слязу пусціла – такая хваля наляцела, што да краёў вады ў човен наліло! Добра, што на дне срэбны напарстак ляжаў. Схапіла яго прынцэса, ваду адчэрпала – ціха сядзіць.
Доўга плыла Румзаніда па возеры ці не, але ўрэшце паказаўся бераг. А на беразе – хатка. Узрадавалася прынцэса! Срэбны напарстак у кішэньку паклала, човен на беражок выцягнула – і подбегам да жытла!
Лялька Папялушка (Зольная лялька)
Адна з найстаражытнейшых лялек. Увасабляе дух продкаў, які апякуецца над родам. Рабілі яе з попелу, узятага з печы альбо агменя, і анучы. Попел разводзілі вадой і фармавалі галаву лялькі. Лічылася, што Зольная лялька беражэ памяць роду, дапамагае яго захаванню і памнажэнню. Папялушку стваралі і да вяселля як падарунак маладым. Ляльку атаясамлівалі з жаночым боствам і перадавалі па кудзелі – па жаночай лініі роду.
Алена Масла