Незвычайная грамата
Аленка – звычайная, добразычлівая дзяўчынка.Яна жыла з маці і татам у вялізным горадзе, а на летні адпачынак бацькі яе заўсёды адпраўлялі ў вёску, да бабулі Ганны. Але Аленку заўсёды прыцягвала да сябе яе старэнькая прабабуля, якую ўсе суседзі звалі Палажкай. І як толькі яна прыязджала ў вёску, заўсёды імкнулася ў першую чаргу збегаць да яе, сваёй старэнькай прабабулі, пачаставаць цукеркай, пагаманіць, а яшчэ даведацца пра нешта цікаўнае. Вось і зараз, толькі прыехаўшы ў вёску, яна схапіла мяшочак цукерак і пабегла сцяжынкай да сваёй прабабулі. На гэты раз позірк дзяўчынкі ўпаў на вялізную скрыню ў другім, парадным пакоі. Перахапіўшы позірк Аленкі, старая, нібы адчуўшы, пра што яна запытае, адказала:
— Унучка, гэта ж куфар. Так называлі яго нашы продкі.
Дзяўчынцы так захацелася зазірнуць ў яго, бо было вельмі цікава, што можа змяшчаць гэты вялізны, нібы гара, куфар?
Прабабуля выцерла рукі, паправіла хусцінку на галаве і ціхенька, нібы адкрывала нейкую таямніцу, падняла века куфэрка. Яна пачала даставаць адну за адной, здаецца, вядомыя, але такія незвычайныя для Аленкі рэчы, і гэтыя рэчы выклікалі ў дзяўчынкі здзіўленне. А бабуля даставала сваё багацце і распавядала:
— Вось гэта — сарочка, яе ткала мая маці, а твая – прапрабабуля. Звярні ўвагу, Аленка, на цудоўныя чырвоныя ўзоры на падоле і рукавах. Яны адмысловыя, бо азначаюць своеасаблівы “замок”, якім жанчына замыкала сябе ад усялякай нягоды, так казала мне мая маці.
Затым з глыбінь куфэрка яна выцягнула чырвоны кусок тоўстай суконнай тканіны ў палоску.
— А гэта, мая даражэнькая, спадніца, або андарак. Яго насіла мая маці паверх сарочкі.
Бабуля даставала з куфэрка вядомыя і невядомыя рэчы… наступным быў чырвона-белы, доўгі, нібыта сцяжынка, ручнік.
— Ведаю! – загаманіла дзяўчынка, — гэта ручнік!
— Так, малайчына, Аленка! А хочаш, я табе прачытаю яго?
— Бабулечка, ты што, жартуеш? Ці, мо, смяешся з мяне? Хіба ж можна прачытаць ручнік?! Чытаюць кнігу, часопіс, газету, а ручніком выціраюць рукі, твар!
— Можна, мая любая дзяўчынка, можна, мая зорачка ясная, і я табе зараз усё растлумачу. Вось глядзі, бачыш, на працягу ўсёй чырвонай паласы ёсць розныя узоры? Дык вось, кожны з іх у значэнні ручніка нешта распавядае, ён адлюстроўвае гісторыю народа, яго дух і погляд на свет і жыццё. Вось гэты, зусім просценькі кавалачак тканіны без аздаблення, ці з вузенькімі палоскамі па краях, называюць уціральнікам, вось ім і можна выціраць твар або рукі. А вось гэты, багата аздоблены чырвоным натыканнем, вышыўкай, карункамі носіць назву ў нас набожніка. Прыслухайся ў гэтае слова, здаецца, што сама назва ўказвае нам на прызначэнне гэтай тканіны Богу і месца яму ў чырвоным куце хаты.
— Бабуля, чырвоны кут — гэта там, дзе стаяць твае іконы? – запыталася Аленка.
-Так, Аленка, так. А зараз давай хоць некалькі ўзораў паспрабуем прачытаць. Вось глядзі, унучка, на гэты знак — знак Маці-Зямлі, што прарастае. Гэта ромб, у якім ёсць яшчэ чатыры ромбікі. Такой продкі бачылі зямлю – ніву, якая яшчэ мае “вочы”. А вось гэты ромб – гэта знак жанчыны, маці, нівы, сырой зямлі. А калі ромб раскрыжаваны, з парасткамі і кручкамі – гэта ніва ўзараная, квітнеючая, ураджайная. А вось тут, звярні ўвагу, у ромбе ёсць крыж – гэта знак жыватворнай сілы агню, сімвал сонейка, якое нам свеціць.
-Ой, бабулечка, як жа цікава! І хіба ж я магла падумаць ці здагадацца, што ўсе гэтыя крыжыкі, ромбікі, квадрацікі маюць язык.
— Але, гэта так. Яны размаўляюць з намі – гэта голас нашых продкаў, а ткачыха, якая тчэ гэты цуд, падарожнічае ў свет продкаў, за іх ведамі і знакамі.
— А чаму, бабуля, ён такі доўгі? – дапытвалася дзяўчынка.
— А таму, Аленка, што памеры гэтага набожніка, ручніка вытыкаліся суадносна з ростам чалавека, прычым бралі два яго росты. А вось гэтыя, узорыстыя канцы – гэта “дзіця”. Ручнік, унучка, гэта дарога, дарога ад чалавека к Богу.
— А ці можна выткаць такі ручнік ці набожнік за адну ноч? – дапытвалася Аленка ў сваёй старэнькай прабабкі.
— А вось пра гэта і яшчэ пра нешта цікаўнае я табе распавяду ў наступны раз, калі прыйдзеш да мяне.
Наталля Нікіціна
Лексіка і арфаграфія аўтара захаваны
Вельмі цудоўнае апавяданне, яно адлюстроўвае нашу бацькаўшчыну, спадчыну. Чытаючы такія творы, нашы дзеці і ўнукі будуць разумець ведаць нашую гісторыю!
Цікавае апавяданне. І сапраўды: адлюстроўвае гісторыю нашай, беларускай зямліцы,дапамагае зразумець навакольны свет.І толькі адна цяплыня і пяшчота віецца ад кожнага радочка. Поспехаў аўтару, ды найлепшыя пажаданні «Вясёлцы»!:-)))
цудоуна