Кацяня і Тузік
Па цёмнай дарозе ў халоднае дажджлівае надвор’е ішло маленькае кацяня. Было яму так холадна і страшна, што слёзы самі каціліся з вочак. Кацяня завярнула ў першы двор вёскі і вырашыла тут заначаваць. Аблюбавала для начлегу пустую сабачую будку. Так прайшла ноч.
Уранку, як толькі ўзышло сонейка, настрой кацяняці палепшыўся. Яно ўжо хацела парадавацца новаму дню, але тут з’явіўся Тузік. Ён накінуўся на няпрошанага госця. Падняўся такі піск і вэрхал, што з хаты выбеглі гаспадары.
І што ж яны ўбачылі? Тузік круціўся вакол сябе, каб схапіць зубамі кацяня, якое ўчапілася за яго хвост і матлялася на ім, нібы шарык. Дзядуля з цяжкасцю разняў забіякаў.
Пакрыўджаны сабака забіўся ў будку, а бабуля забрала кацяня ў хату. Гаспадары накармілі і напаілі яго, пасадзілі на печ пагрэцца. Ад удзячнасці кацяня завуркатала.
Так і засталося яно жыць у бабулі з дзядулем. Праз некаторы час з Тузікам яны сталі сябрамі. Нават елі з адной міскі.
Галіна НІЧЫПАРОВІЧ