Скрыпачка
Маленькая сімфонія
Аднойчы мама ўзяла на канцэрт у касцёле сваю маленькую дачушку. Для дзяўчынкі ўсё было новым і цікавым. Яна ціхенька сядзела ў крэсле і разглядвала белыя скляпенні касцёла. Раптам дзяўчынка пачула нейкія незнаёмыя гукі. Яна хацела даведацца, хто ці што іх стварае, але перад сабой бачыла толькі спіны людзей. І яна пачала ўслухоўвацца яшчэ больш старанна. Гукі былі лёгкія, нібыта празрыстыя, як вецер. А то раптам рабіліся цвёрдымі і рашучымі, быццам хтосьці злаваўся. Часам жа гучалі зусім мякка, як воблака.
– Мама, што я чую? – запыталася дзяўчынка.
Мама пасадзіла дачушку сабе на калені:
– Гэта скрыпка, – усміхнулася яна.
І тут вачам дзіцяці прадстаў чалавек, які трымаў на плячы выцягнутую драўляную скарбоначку. Гэта і была скрыпка з чатырма металічнымі струнамі. А ў правай руцэ ён трымаў доўгую палачку з нечым белым, падобным да танюсенькіх нітачак. Гэта быў смык.
Пакуль музыка граў, дзяўчынка ўяўляла розныя карцінкі, казкі, якіх ніхто ніколі не чуў, і ў вачах яе блішчала шчырая дзіцячая радасць.
Вальжына ПРОХАРАВА