«Вясёлка» ўручыла прэміі імя Васіля Віткі і Уладзіміра Ліпскага
Сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася ўрачыстая цэрымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі Васіля Віткі і імянной прэміі галоўнага рэдактара часопісаў «Вясёлка» і «Буся» Уладзіміра Ліпскага.
На мерапрыемства прыйшлі пісьменнікі, дзеці, іх бацькі — сябры часопісаў «Вясёлка» і «Буся».
За вершы “Ёсць у нас краіна Мяў”, “Пад кустом”, “Кот адправіўся ў палёт” (№ 10) прэмія імя Васіля Віткі была ўручана Васілю Зуёнку. Такое прызнанне ўсхвала жывога класіка беларускай літаратуры, яму было прыемна, што прысутныя дзеці прачыталі яго вершы. Паэт і сам зачытаў адзін з уласных твораў.
Уладзімір Шулякоўскі быў адзначаны за матэрыялы “Мастак з-пад шапкі-няўгледкі” (№ 1), “Роднае мястэчка” (№ 9) (рубрыка “Наша спадчына”).
Юных талентаў галоўны рэдактар «Вясёлкі» адзначае імянной прэміяй Уладзіміра Ліпскага ўжо сёмы год. Пісьменніку заўсёды цяжка рабіць гэты выбар, але ён яго зрабіў. Сяроў 78 дзяцей, якія друкаваліся ў 2014 годзе ў часопісе, ён абраў трох: Яніну Шавяленка, вучаніцу гімназіі г. Светлагорска – за верш “Беларусачка” (№ 10); Дзяніса Буторына, вучня гімназіі № 1 г. Мінска – за апавяданне “Тады ішла вайна…” і Арыну Карачун, вучаніца гімназіі № 39 г. Мінска – за верш “Радзіма”.
Яшчэ адзін падарунак і першую ў сваім жыцці ганаровую грамату атрымала дзяўчынка Маша — чытачка часопіса «Буся». Дзяўчынка перамагла ў конкурсе малюнкаў і атрымала цудоўны прыз — зялёную жабку.
Гасцей парадвалі і творчыя нумары, падрыхтаваныя да цэрымоніі. Зайшла да «Вясёлкі» Надзея Місякова, якая ў 2014 годзе прадстаўляла Беларусь на дзіцячым «Еўрабачанні» ў Мальце. Песні, вершы і дэфіле выконвалі выхаванцы тэатральнай подыум-школы «Vyaselka Stars«.
Цудоўны настрой, другі нумар «Вясёлкі» ў падарунак і вясёлую ўсмешку атрымаў у чацвер кожны, хто завітаў да нас.