Клін у небе
Пра Бусю, які жыве на Беларусі
Аповесць-казка
Буслы з усіх вёсак пачалі штодня збірацца на сенажаці. На ёй людзі скасілі траву, высушылі яе і сабралі ў вялізныя белыя мяхі. Будзе корм для кароў, коней, коз.
А на скошанай сенажаці буслы рыхтаваліся да пералёту ў цёплы край. Сюды ж рухаліся халодныя вятры, а з імі – снягі і маразы.
Бусеў бацька, як трэнер, правяраў мускулы ў крылах бусянят. Праводзіў урокі фізкультуры. А мама Бусі стала настаўніцай геаграфіі. Расказвала, праз якія рэкі, даліны, моры і горы пройдзе іх шлях. Прасіла аб адным:
– Дзетачкі, толькі не стаміцеся. Не адстаньце ад кліна.
Некаторыя ніяк не маглі зразумець, што такое клін. Бусліха цярпліва тлумачыла:
– Калі ад адной кропкі правесці дзве роўныя лініі ў розныя бакі, то і атрымаецца востры клін. Як бы страла з наканечнікам.
– А ў каго буслы страляць збіраюцца? – перапытаў Буся.
– Важак чарады птушак ляціць уперадзе. Ён сваімі дзюбай, грудзьмі, крыламі бытта разразае паветра. Таму і пачынае клін самы вопытны, мужны, вынослівы бусел…
– Хто гэта будзе? – пацікавіўся Буся.
– Твой тата Белы Бусел Беларусі! – з гонарам адказала настаўніца.
Назаўтра рана-раненька ў неба ўзняўся бусліны клін. Птушкі махалі крыламі. Развітваліся з роднымі мясцінамі да вясны.
У вялікую вандроўку ўпершыню выправіўся і Буся.
Уладзімір ЛІПСКІ
Раіса БАРАВІКОВА