Ах, Афрыка!
Пра Бусю, які жыве на Беларусі
Аповесць-казка
Аднойчы Буся вельмі радасна вітаў узыход сонца. Стаў сваімі чырвонымі боцікамі на самы край буслянкі. Крылы выпрастаў. Махнуў раз. Махнуў два. І раптам адчуў, што яго нехта лёгенька падштурхоўвае. Гэта быў Ветрык-сябрук.
– Ну, давай адрывайся!.. Ляці!..
– Кля-кля, – толькі і паспеў вымавіць Буся. Рэзка ўзмахнуў крыламі. Адчуў лёгкасць, як бы пад ім сядзеў Ветрык і падтрымліваў.
Буся праляцеў над дахам суседавай хаты, мінуў сажалку, рачулку, кусты вербалозу. А далей перад ім ляжаў зялёны дыван сенажаці.
Так пачалося новае жыццё ў Бусі.
Разам з бацькамі лятаў на паляванне. Прагульваўся паміж лугавых траў, кустоў, кветак. Навучыўся адрозніваць жабу ад коніка, страказу ад матыля, пчалу ад жука. Асмеліўся лавіць змяю, вужа, яшчарку. Нават рыбу.
Набліжаўся канец лета. Дзеці пачалі збірацца хто ў дзіцячы сад, хто ў школу. Пчолы перасталі насіць мёд у вуллі. Людзі вывелі ў поле камбайны і сабралі ўраджай зерня. Дзень станавіўся ўсё карацейшым.
І Бусеў бацька аб’явіў:
– Пара і нам у вырай, кля, кля…
– А куды гэта?
– Паляцім у далёкую Афрыку!
– Ах, Афрыка! – клекатнуў Буся.
Ён ужо шмат чаго ведаў ад мамы пра гэту далёкую зямлю. І вельмі хацелася пабываць там.
Уладзімір ЛІПСКІ
Раіса БАРАВІКОВА