Запрашэнне на навагоднюю пальму
Буся не лічыў дзён, але іх прамінула даволі многа. Ён ужо ведаў, што паблізу ў невялікім возеры жыве бегемот, якога трэба асцерагацца. А яшчэ і пра тое, што нікуды не трэба лётаць самастойна. Ды яму і не хацелася нікуды лётаць. Буся найчасцей заставаўся на часовым прыстанку з маці, і яна што-небудзь яму расказвала. Але вось аднойчы на дрэва, дзе Буся хаваўся ад спякоты, ускараскаліся дзве малпачкі. І ў адной з іх ён пазнаў Куку.
– Ледзь знайшлі цябе ў гэтым лісці, – сказала Кука. – Знаёмцеся. Гэта – мая сястра Кока. А гэта, – кіўнула малпачка ўбок Бусі, – Буся з Беларусі.
– А-а, а-а, кля-кля, – выдыхнуў Буся. – Адкуль ты ведаеш, што я з Беларусі?
– Не ведалі б, каб пра гэта не сказаў нам Вецер. Ён твой сябар.
– Няўжо Ветрык? Значыцца, і ён прыляцеў у Афрыку!
– Ён даўно тут, – адгукнулася Кока. – Ды і ніякі ён не Ветрык, а сапраўдны Ветрышча. Паляцеў мерацца сілаю з акіянам, а потым і з табою пабачыцца.
Буся міжволі задумаўся. А Кука працягнула яму ружовы канверцік:
– На, трымай! Гэта запрашэнне ад слана Кікі, ну, і ад нас, вядома, на навагоднюю пальму. Заўтра ж наступае Новы год! Вось мы і ўпрыгожылі пальму.
– Ах, як гэта цудоўна! – адазвалася з-пад дрэва Бусліха. – Мае сыны, на жаль, не пабачаць навагодняй ёлкі, дык няхай палюбуюцца святочнаю пальмаю. Мы прыляцім да вас усёй сям’ёю! Чакайце, можа, пачаставаць вас тутэйшымі жабкамі?
– Не-не, дзякуй, – у адзін голас адказалі Кука і Кока. – Мы ўжо развітваемся. Нас чакае слон Кіка.
І малпачкі жвава скочылі на суседняе дрэва.