Кароткае знаёмства са сланом і малпачкай
Буся з усіх сіл стараўся не адстаць ад старэйшага брата. Далёка ўнізе была вялікая вада, якую бацька называў акіянам.
– І калі ж гэты акіян скончыцца? – трывожна думаў Буся. – Дзе ўзбярэжжа, абранае для зімоўкі? Ах, мае крылы, не падвядзіце!
І тут паветра ўзарвалася гучным: “Кля-кля! Кля-кля!”
Гэта бусліны важак заўважыў бераг. Буся таксама пабачыў яго, і з ім штосьці здарылася. Крылы сталі цяжкімі-цяжкімі.
– Я адстаю ад кліна, – хацелася крыкнуць яму, і ён не змог. Толькі прашаптаў: – Кля-кля, мама-а-а. Я каменем падаю ўніз.
Буся заплюшчыў вочы. А калі іх расплюшчыў, пабачыў пад сабою вялізныя вушы, з-пад якіх з цікавасцю пазіралі блішчастыя вочкі. Бусю трымала ўверсе штосьці цёплае і гнуткае. Ён тады яшчэ не ведаў, што гэта быў хобат слана. Але затое пачуў гучны голас:
– Ты хто? Пелікан?
– Ах, Кіка! Гэта не пелікан! – тут жа адазваўся нехта.
– Значыцца, малады фламінга!
– Фі! Фламінга ружовы, а гэты – белы. Фу-фу, і чаму сланы такія няўцямныя!
Буся павярнуў дзюбу і пабачыў на прыгожым дрэве калматае стварэнне.
– Я – малпачка Кука, а ён, – малпачка весела памахала Бусю лапкаю, – слон Кіка. Будзем знаёмыя, – і тут жа запыталася: – Ты хто, прыгожая птушка?
Буся хацеў адказаць, але паглядзеў у другі бок, і сэрца яго моцна забілася. За сцяною дрэў ён пабачыў сваю чараду. Буслы збіліся ў гурт і трывожна пазіралі ў неба.
– Яны выглядваюць мяне! Кля-кля, яны вельмі трывожацца!
Буся распрастаў крылы, якія ўжо наліліся сілаю, і паляцеў, але паспеў крыкнуць:
– Вунь там мая чарада! Дзякуй за знаёмства, Кука і Кіка!
– На жаль, яно было вельмі кароткім, – цяжка ўздыхнуў слон і апусціў свой хобат.
А малпачка Кука толькі весела захіхікала і пачала гайдацца на пальмавай галіне.