Забаўлянкі
Среда, 4.02.2015 12:47. Рубрика: БУСЯ
Генадзь АЎЛАСЕНКА
Боцікі Вуркоціка
У ката Вуркоціка
мышкі
згрызлі боцікі.
А пасля
тры дні не елі,
бо жывоцікі
балелі.
Уладзімір МАЗГО
Кнігалюбы
Я спяшаюся да Любы.
Я і Люба – кнігалюбы.
Прачыталі столькі кніг –
Палічыць не можам іх.
Анатоль ЗЭКАЎ
Кірыла і мыла
Змыліў брус вялікі мыла,
Рукі мыючы і твар,
І цяпер няўцям Кірылу:
А куды прапаў загар?
Серафіма БЕСТАВА
Ліска і мёд
Бегла Ліска праз лясок,
Мёду там знайшла збанок.
Пэўна, Мішка тут хадзіў,
Пачастунак свой згубіў.
Станіслаў КРЭПСКІ
Пацешка
Гушкі, гушкі, гушкі.
Паляцелі птушкі.
Селі на галінку
Калыхаць Арынку.
Галінка пахілілася.
Бух!
Да Арынкі бег бычок,
Зачапіў яе бачок.
Бух!
Топы, топы ножкамі.
Букі, букі рожкамі.