Першы баль
Свет Вялікага тэтра Беларусі
– Ура! Мама, у мяне дзве добрыя навіны!
– Спадзяюся, твае навіны і гарэзлівы настрой з-за школьных выдатных адзнак?
– Ну так, са школай гэта таксама звязана. Увесь наш клас удзельнічаў у конкурсе “Навагодняя цацка”. Памятаеш, мы яшчэ разам рабілі Шчаўкунка, які ўпрыгожыў ёлку ў Вялікім тэатры Беларусі? Дык вось, менавіта наш прыгажун заняў першае месца, і мне ўрычылі запрашальныя білеты на Навагодні баль у Вялікі тэатр Беларусі!
– Цудоўная навіна! А калі адбудзецца свята?
– Ведаеш, мама, я паклала білет у сшытак, а яго ўзяла на праверку настаўніца…
– Нічога, зараз адкрыем сайт Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі, знойдзем афішу на студзень і пра ўсё даведаемся.
– Цікава, а што такое “афіша”?
– Калі б мы з табой адразу прыехалі ў тэатр, то пры ўваходзе, на самым бычным месцы, знайшлі б афішу – аб’яву пра спектаклі. Гэта слова паходзіць ад французскага afficher, гэта значыць «выстаўляць напаказ». Афіша і зарыентуе кожнага ў насычаным змесце рэпертуара.
– А ты ўпэўнена, што мы адразу знайшлі б гэтую афішу?
– Так, безумоўна, ёсць правілы стварэння афіш. Звычайна, гэта малюнак з кароткім тэкстам. Афіша павінна быць зразумелай і бачнай на адлегласці, а таксама добра ўспрымацца гледачом. Для тэксту важным з’яўляецца шрыфт, яго размяшчэнне, колер. Як правіла, усе спектаклі прадстаўлены ў форме спісу з максімальна зразумелай і дакладнай інфармацыяй. Яны могуць быць сумныя і сур’ёзныя, а могуць прыцягваць погляд гледачоў. Афішы бываюць рознымі, але мэта ў іх адна – прыцягнуць увагу да інфармацыі.
– Так, я думаю, што ствараць афішы – справа няпростая. Іх можна аднесці да твораў мастацтва.
– Гэта даўно ўжо зроблена – існуе нават рэйтынг такіх твораў. Шрыфт, колер, памер, дэкаратыўныя элементы і нават імя мастака – усё працуе на тое, каб заінтрыгаваць, прывабіць гледача і пераканаць яго ў тым, што менавіта на ёй рэкламуецца той самы спектакль, які абавязкова трэба ўбачыць. Бо чым цікавей разглядваць афішу, тым вышэй верагоднасць, што чалавек не проста палюбуецца, а стане Гледачом.
– А ты ўжо знайшла інфармацыю пра наш Навагодні баль?
– Так, гэты Баль праводзіцца штогод, пад стары Новы год. А ты ведаеш, чым яны адрозніваюцца ад звычайных танцаў або дыскатэкі?
– Там больш прыгожа?
– Амаль правільны адказ. Там больш урачыста і вельмі строгі этыкет. Класічны набор танцаў, якія выконваюць у загадзя вызначаным парадку.
– А адкуль людзі ведаюць, што за чым трэба рабіць?
– А людзі, мая дзяўчынка, на працягу некалькіх месяцаў наведваюць рэпетыцыі, там ім пра ўсё распавядаюць, і адпрацоўваюць асноўныя элементы харэаграфічных кампазіцый, танцаў.
Першы баль, пра які вядома ў гісторыі, быў дадзены ў 1385 годзе ў Ам’ене. З 1715года ў Парыжы сталі ладзіцца самыя вядомыя балі ў будынку опернага тэатра (Bal de l’Opèra). Пазней цэнтр бальнай культуры перамясціўся ў Вену. Нават існуе сезон баляў. У Англіі – чайны баль, у Манака – кранальны баль сямі прынцэс, Венскія балі – самыя пышныя і самыя знакамітыя ў свеце, асабліва баль Венскай оперы, квіток на які каштуе тысячу долараў.
– А што мне апрануць на мой Першы Баль?
– О, не хвалюйся модныя законы нязменныя. Дзяўчаты-дэбютанткі – так называюць тых, хто першы раз удзельнічае ў такім мерапрыемстве, – прыходзяць у доўгіх сукенках, часам пальчатках. А каго ты плануеш запрасіць на баль?
– Можа, Арцёма, калі ён пагодзіцца.
– Нагадаем яму, пра светлы гальштук, белую кашулю і чорны фрак з камізэлькай.
– А яшчэ трэба не забываць пра добры настрой і ўсмешку! Хадзем рыхтавацца!
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ