Адкуль бяруцца сняжынкі?
На тваю рукавічку легла сняжынка – маленькая ледзяная зорачка. І табе стала цікава: адкуль яна прыляцела? Можа, з царства самой Снежнай Каралевы? Але пакуль ты разглядаў гэты маленькі цуд, сагрэтая тваім дыханнем сняжынка растала і пакінула пасля сябе толькі кропельку вады…
Але не трэба сумаваць. Лепей падумаем разам: як жа нараджаюцца сняжынкі?
Некалі людзі думалі, што снег і дождж – вадзяныя кропелькі. У цёплае надвор’е яны праліваюцца з воблакаў дожджыкам, а зімой вылятаюць у выглядзе сняжынак. Аднак вучоныя даказалі, што сняжынкі ўтвараюцца не з вады, а з пары, якую заўсёды ўтрымлівае паветра. Пара падымаецца высока ў неба, дзе вельмі холадна, і там ператвараецца ў маленькія льдзінкі, якія сутыкаюцца і чапляюцца адна за адну. Так яны растуць, а потым падаюць на зямлю прыгожымі снежнымі зорачкамі. Менавіта такая зорачка і легла табе на далоньку.
А цяпер заданне: упрыгож кожную “галінку” сняжынкі словамі, што вызначаюць зіму, напрыклад, снежная і гэтак далей. Правер свой слоўны запас.
Уважліва паглядзі на снежныя ўзоры на вокнах, на сняжынкі, што падаюць на тваю шубку і рукавічкі, і падумай, якія словы трэба выбраць, каб апісаць іх форму:
іглістыя, квадратныя, пушыстыя, круглыя, зорачкі, вожыкі, слупочкі, слоікі, пухірыкі