Што такое аркестр?
На Зямлі існуюць мільёны музычных інструментаў. Яны, як і людзі, маюць свае сем’і. Самыя вялікія з іх называюць аркестрамі. Яны бываюць розныя: струнныя, духавыя, народных інструментаў, джазавыя, эстрадныя… Але самы галоўны аркестр – сімфанічны. Пра яго і пойдзе гаворка.
Даўным-даўно ў адным замку сустрэліся некалькі музыкаў. У кожнага быў свой інструмент. Яны так цікава бавілі час музыкай, што іншыя музыкі, пачуўшы пра тое, вырашылі далучыцца. Кожны дзень музыкаў прыходзіла ўсё болей, і стала іх так многа, што ўтварыўся Сімфанічны аркестр – вялікая-вялікая сям’я інструментаў! Кожны музыка ведаў мноства твораў, але паміж сабой ніяк не маглі дамовіцца, якую музыку іграць усім разам. Тады стаў перад аркестрам вельмі важны чалавек – дырыжор. Ён узмахнуў сваёй чароўнай палачкай, і загучала музыка. І такая прыгожая, светлая і чыстая. Кожны ведаў, што іграць. І не было больш сварак у аркестры.
З цягам часу інструменты падзяліліся на сем’і: сямейства струнных, драўляных духавых і медных духавых інструментаў, сямейства ўдарных.
Дырыжор – быццам лялькавод у лялечным тэатры: якую нітачку пацягне, тая лялька і загаворыць, як палачкай узмахне, так інструмент і зайграе. Сапраўды, чараўнік! А вось пра чароўныя інструменты вы даведаецеся ў наступных нумарах. І пачнём са скрыпкі ды альта.
Вольга ПРОХАРАВА