Муха
Чалавек сядзеў за сталом і штосьці пісаў у сшытак, а муха вісела на столі, уніз галавою, і разглядала яго.
“Я хоць і не такая спрытная, каб сядзець дагары нагамі, – думала муха, якой здавалася, што яна вісіць правільна, а чалавек сядзіць дагары нагамі, – але, здаецца, змагла б пісаць і лепш, і хутчэй”.
Калі ёй надакучыла вісець, муха паляцела на кухню, прызямлілася каля памыйнага вядра і ўбачыла бляшаную накрыўку ад слоіка з вішнёвым варэннем. “Якая ўдача! – узрадавалася муха. – Гэтага варэння мне хопіць на цэлы месяц! Толькі б ніхто не здагадаўся выкінуць накрыўку ў вядро!” Муха ела, ела, выпацкала ў варэнні лапкі, жывот, потым цяжка адарвалася ад падлогі і паляцела назад у пакой, на сваё месца, каб вісець уніз галавою. Але не ўтрымалася на столі і ўпала на разгорнуты сшытак.
– Я пішу! – узрадавана закрычала яна, шоргаючы ножкамі ў варэнні па белай паперы. – Ура!
Чалавек грэбліва схапіў муху за крылцы і выкінуў праз фортку на двор.
Муха ўпала ў траву, расправіла памятыя крылцы, пацерла адна аб адну ліпкія лапкі і пачала азірацца. Побач па травіне бегла мурашка.
– Добры дзень, – ветліва павіталася муха. – У мяне дома стаіць бочка вішнёвага варэння. Яшчэ я ўмею пісаць варэннем па паперы.
– Пісаць? – здзівілася мурашка. Яна натапырыла вусікі, абнюхала муху і раптам балюча ўкусіла яе за жывот.
– Ай! – закруцілася муха. – Што вы робіце?!
– Поўны жывот варэння… – мармытала мурашка. Яна, упіраючыся з усіх сіл, пачала цягнуць муху некуды.
Муха адчайна чаплялася за траву, за ствол нейкага чырвонага шурпатага дрэўца, але мурашка была такая дужая, што яшчэ трошкі – і муха не вытрымала б.
Чырвонае шурпатае дрэўца было нагою старога голуба. Ён сярдзіта схіліў набок галаву, каб паглядзець, хто яго шлакоча.
– Што тут за кампанія? – буркнуў ён і ўжо раскрыў дзюбу, каб клюнуць.
Ад страху муха напружылася, падскочыла – і паляцела разам з мурашкаю. Вышэй, вышэй, да самых вокнаў! Але мурашка аказалася цяжкая, таму давялося зрабіць перадых. Знясіленая муха ўпала на беленькі празрысты гамак, які нехта прадбачліва развесіў паміж сцяной і бярозавай галінкаю.
– Цудоўна! – закрычала ў захапленні мурашка. – Ніколі б не падумала, што гэтая бочка з варэннем можа лятаць! Па-мойму, мы заляцелі на самае воблака!
Але муха ўжо здагадалася, куды яны заляцелі – у павуцінне, у палон да павука! Яна задрыжэла, зазвінела, гамак захістаўся, як арэлі, а са шчыліны ў сцяне выбег круглы лупавокі павук з крыжам на спіне.
– Добры дзень, дарагія госцейкі! Заходзьце, зрабіце ласку… Я такі рады, што вы ўрэшце завіталі…
Павук пацяшаўся, варушыў сківіцамі і накручваў на свае шэсць лап павуцінне, ды так хутка, што муха і мурашка самі плылі да яго ў пашчу.
– Ратуйце! – звінела, лямантавала муха.
А ўслед і мурашка:
– Ратуйце!
I толькі калі павук пачаў увязваць іх белымі ліпкімі вяроўкамі, мурашка ўспомніла, што ў яе таксама ёсць сківіцы. Яна лёгка перакусіла гэтыя вяроўкі, гамак разарваўся на адным краі, павук застаўся на сцяне, а змучаных палонніц гайданула ў другі бок і прыляпіла да бярозавага лістка. Павук не разгубіўся і, як акрабат, пабег па сваіх вяроўках да іх. Але муха паспела абсохнуць і паляцела, а да мурашкі павук сам пабаяўся падыходзіць.
– Не забывай, прылятай яшчэ! – крыкнула мурашка мусе на развітанне.
– Будзем чакаць! – падтрымаў і павук.
Ды муха заляцела ў нечую фортку – толькі яе і бачылі.
Андрэй ФЕДАРЭНКА