Вершы Анатоля Зэкава
Ліжа мішка лёд
На лясным азерцы
Ліжа мішка лёд,
Ліжа і злуецца:
Лёд – зусім не мёд.
Быў бы мішка з мёдам,
То б не меў турбот.
А пакуль галодны –
Ліжа мішка лёд.
Леў
Як леў грыву расчасаў,
Дык такі прыгожы стаў,
Што глядзіцца ён цяпер
Як сапраўдны кавалер.
Малпы ў цырку на арэлях
Аж да купала ўзляцелі,
Ухапіліся хвастамі –
Як арэлі сталі самі.
Птушкі на рабіне
Дваццаць дзве галіны на рабіне.
Колькі ж птушак на галіны селі,
Як па дзве на кожную галіну
Да рабіны ўранку падляцелі?
Праўда, дваццаць восем з іх не селі –
Да другой рабіны паляцелі.
Гарады з канчаткам Ы
Загадалі на занятках
Першакласнікам загадку,
Каб назвалі гарады,
Што канчаюцца на Ы.
Першай выгукнула Ганна:
– Асіповічы, Пружаны!
– Лельчыцы! – дадаў Барыс.
Хто працягне гэты спіс?
Як выключыць чайнік?
На пліце зачмыхаў чайнік.
Я да чайніка – бягом.
Дзе знайсці ў ім выключальнік,
Каб не чмыхаў на ўвесь дом?
Я шукаю выключальнік,
Ды ніяк вось не знайду.
Трэба ж,
Каб не чмыхаў чайнік,
Выключыць пад ім пліту.
Ад Іны – да Паліны
З Інаю вучылі алфавіт мы,
А яна баіцца літар,
Бо праз нейкую хвіліну
Іна можа быць не Інай.
Л паставіш перад Інай –
І не Іна ўжо, а Ліна.
А як выйдзе А з-за спіны –
Атрымаецца Аліна.
І Аліна не Аліна,
Бо ўжо з П яна – Паліна.
Як дзяўчынак не паблытаць
З дабаўленнем гэтых літар?