Пачастунак
Пятница, 18.02.2011 18:41. Рубрика: Казкі
Сустрэліся неяк зімой сініца і снягір і пачалі разам думаць, дзе б гэта ім падсілкавацца. Сініца кажа:
– Ляцім, снягір, у вёску! Там дзеці ладзяць кармушкі для птушак.
А снягір ёй адказвае:
– Боязна, сініца! Там катоў многа.
Сініца зноў за сваё:
– Не бойся, браце! У такі холад каты на печы сядзяць, грэюцца.
– Ну, калі так, то ляцім!..
У невялікім парку каля школы, на дрэвах віселі кармушкі, а ў кармушках – крошкі хлеба, зярняткі проса, кавалачкі сала, гронкі ягад каліны і рабіны. Пачастунак на любы густ! Наеліся птушкі, тады снягір і кажа:
– Дзякуй сініца, што накарміла мяне!
А сініца яму адказала:
– Ты не мне, снягір, дзякуй, а тым дзецям, што пра нас клапоцяцца зімой.
Вольга Рудовіч
Дзяржынскі раён, Валмянская СШ.