Максім Максіменка – чэмпіён “Вясёлкі”
Максім Максіменка (фота на вокладцы) – вучань 5 класа СШ № 79 Цэнтральнага раёна г. Мінска. Ён – абсалютны чэмпіён у намінацыі бокс. Клас, у якім вучыцца, адзін з лепшых, сваіх сяброў лічыць самымі вясёлымі. Максім любіць наладжваць дома тэатральныя пастаноўкі. З задавальненнем выступае перад татам, мамай і малодшым брацікам. Як толькі падвучыць французскую мову, запішацца ў школьны тэатр, дзе ўсе пастаноўкі на французскай мове. Вельмі любіць музыку, асвойвае гітару, добра спявае. Прымаў удзел у раённым конкурсе “Маленькі прынц” і стаў яго пераможцам.
Больш за ўсё Максіму падабаецца актыўна праводзіць свой вольны час. Любіць бегаць, скакаць, плаваць, ныраць. Гуляе ў боўлінг. Самае сур’ёзнае яго спартыўнае захапленне – бокс. Трэці год займаецца ў школе алімпійскага рэзерву № 1 таварыства “Дынама”. Кожны дзень трэніруецца, на скакалцы скача не горш за дзяўчат. У спаборніцтвах па боксе зможа ўдзельнічаць толькі з чатырнаццаці гадоў. Ён мусіць адпавядаць адной з вагавых катэгорый: вазе ”мухі”, “пеўня” ці “пёрка”. Пакуль цярпліва засвойвае і адпрацоўвае асноўныя элементы бокса: стойку, удары і абарону. Бокс – від спорту, у якім спартсмены наносяць удары кулакамі ў спецыяльных пальчатках. Яго назва паходзіць ад англійскага box – удар. Бой можа доўжыцца ад трох да дванаццаці трохвілінных раўндаў.
Пераможцам становіцца той, хто набярэ больш судзейскіх балаў. Яны прысуджаюцца за кожны дакладны ўдар. Перамога можа быць і датэрміновай – накаўтам. Гэта калі баксёр пасля ўдару саперніка акажацца на падлозе – у накдаўне – і не зможа падняцца пасля адлічаных суддзёй дзесяці секунд. У гэты час наносіць удары забараняецца. Адсюль і прымаўка: “Ляжачага не б’юць”.
У праграму Алімпійскіх гульняў бокс уваходзіць з 1904 года. Беларускія баксёры самастойнай камандай выступаюць з 1996 года. На Алімпіядзе ў Афінах сярэбранымі прызёрамі сталі нашы баксёры Магамед Арыпгаджыеў і Віктар Зуеў.
Максім Максіменка, чэмпіён “Вясёлкі”, трэніруецца ў Андрэя Ісаева – вядомага трэнера, двойчы чэмпіёна Беларусі па боксе, удзельніка чэмпіянатаў свету і Еўропы. Марыць стаць прафесійным баксёрам.
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ
Думаю, можна было б яшчэ напісаць пра тых баксёраў, якія займаюцца прафесійным спортам. Цікава, кім былі яны ў дзяцінстве?
А раскажыце пра сучасныя баксёрскія клубы. Цікава куды лепш хадзіць