Вол
Быў сабе вол, баран, гусак і пеўнік. Надыходзіла зіма, дык вол кажа:
— Ведаеце што? — зіма надыходзіць, холад будзе, — пастаўма хатку.
Дык тыя на яго як напалі:
— Выдумаў ліха знае што! Дык стаў сам, калі такі майстра. У нас ёсьць пер’е, у барана — воўна, то й не памерзьнем.
— Ну, як сабе хочаце, а я сваё зраблю.
Як тыя пайшлі, вол паставіў хатку, нанасіў сена, саломы й ляжыць сабе, як пан.
Вось надыйшла зіма з марозам. Прыбягаюць да яго пеўнік, баран і гусак.
— Пусьці нас, дзядзька, у хатку, бойся Бога, такі мароз, мы памерзьнем!
А гусак падняў ножку й кажа:
— Бач, дзядзька, якія ў мяне ножкі чырвоныя! — зараз паадпадаюць.
— А вы, — кажа вол, — гультаі! Ня пушчу! Як хаткі, дык няма каму паставіць, а як пагрэцца, то ёсьць каму!
Але тыя як пачалі лемантаваць, прасіцца: «А мой дзядзечка, а мой ты такі, а мой сякі, а мой гэтакі!» — вол пашкадаваў і пусьціў. Дык пеўнік зараз палез на печ грэцца, гусак ходзячы па хаце ўсё тупоча, каб ногі разагрэць, баран лобам у сьцяну лупіць — грэецца, а вол есьці ім варыць.
Ано-ж прыходзіць воўк, адчыняе ад хаткі дзьверы, а баран гэтта як вытне яму раз лобам, як не паправіць; гусак давай шчыпаць, вол рагамі, а певень на печы спалохаўся і ўсё крычыць: «Ка-ка-рэ-ку». Воўк як не панясецца наўцекі да сваіх і кажа:
— А мае-ж вы браткі, мае саколікі, гэта-ж у лесе кавалі хатку паставілі — паўнютка кавалёў! Як увайшоў, дык адзін як даў мне молатам, другі віламі зялезнымі, а трэці давай шчыпцамі ціснуць, а яшчэ адзін нейдзе зь печы ўсё крычыць: «Ды падавайце-ж мне яго сюды! Ды падавайце-ж мне яго сюды!» Мала я не абамлеў. Маю я шчасьце, што гэтак ня было, бо, каб ня дай Божа, дык той, зь печы зьлезшы, чыста зь мяне скуру зьдзёр-бы.