Чароўнае люстэрка
Некалі жыў на свеце Майстар. Ён рабіў вельмі прыгожыя рэчы з фарфору і шкла і ўсё жыццё ўдасканальваў сваё майстэрства. Але непрыкметна надышла старасць.
Зажурыўся Майстар: шмат ён зрабіў дабра, шмат людзям дапамог. Ды вось уменні свае нікому не перадаў. “Патрэбны мне вучань,” – вырашыў Майстар. Але як яго знайсці? Хто зможа авалодаць тонкім мастацтвам? Тады зрабіў Майстар свой галоўны выраб – чароўнае люстэрка. У ім можна было ўбачыць будучыню, зразумець сваё прызначэнне ў жыцці. Праўда, здольны на гэта быў толькі чалавек з вялікім сэрцам і шчырай душой, спагадлівы і добры. Майстар паставіў люстэрка ў вітальні, каля ўваходу. Шмат людзей заходзіла ў яго дом, але ніхто не бачыў у люстэрку нічога, апрача ўласнага адлюстравання. Толькі ж Майстар не пераставаў верыць, што знойдзе свайго вучня.
Мінула некалькі гадоў. Майстар яшчэ больш пастарэў. Аднойчы летнім пагодным днём да яго завітала маленькая дзяўчынка з мамай. Яны прыйшлі, каб заказаць у Майстра прыгожую фарфоравую ляльку. Калі дзяўчынка заўважыла незвычайнае люстэрка, то, заварожаная, спынілася перад ім.
Майстар пасвятлеў тварам. Ён адразу адчуў, што дзяўчынка і ёсць яго доўгачаканая вучаніца.
– Як цябе завуць, цікаўная дзяўчынка? – спытаў ён. – Што ты бачыш у маім люстэрку?
– Я – Галінка!.. Я ўбачыла, як мы з вамі разам майструем прыгожую фарфоравую ляльку…
Майстар быў шчаслівы, што нарэшце з’явіўся чалавек, якому можна перадаць свае сакрэты. Ён прапанаваў Галінцы стаць яго вучаніцай, і яна з радасцю пагадзілася. Шчаслівай была і мама дзяўчынкі.
Галінка была вельмі таленавітай вучаніцай і шчыра дапамагала Майстру. Яна навучылася ўсяму, што ўмеў яе настаўнік. Гэтак жа, як і ён, дзяўчынка ўкладвала ўсю душу ў свае вырабы. А калі Галінка вырасла, то стала славутай на ўвесь свет майстрыцай і настаўніцай для новых вучняў .
Алена ШЧАРБАКОВА