Калядныя прыгоды
Надышлі Каляды – самае любімае свята Аліны. Кожны год, як толькі выпадаў снег, яна чакала елачнага паху ў доме, падарункаў, цудаў. І вось нарэшце тата прынёс ялінку. Аліна разам з мамай сталі ўпрыгожваць яе гірляндамі і любімымі цацкамі. Бліскучы гадзіннік, які заўсёды паказваў без пяці хвілін дванаццаць. Зялёны шар з намаляванай каметай, жоўты – з зорачкамі, чырвоны – з заснежанымі дрэвамі. Вершаліна, аплеценая залатой павуцінкай, званочкі… Але асабліва дзяўчынка любіла разглядаць цацачных жывёлак – мядзведзіка, зайчыка, ліску, ваўчаня, казу, бусліка… Кожную цацку Аліна даставала са скрынкі з захапленнем.
І вось пачалася калядная ноч – самая чароўная і казачная ў годзе! Пасля вясёлага сямейнага свята мама сказала, што трэба класціся спаць. Аліна паслухмяна легла ў свой ложак і заплюшчыла вочкі. Але раптам пачула, як на ялінцы ціхенька зазвінеў званочак. Дзінь-дзінь! Дзяўчынка вельмі здзівілася, потым падышла да ёлкі і ўбачыла, што на адной з галінак сядзіць маленькі гномік і звоніць у званочак.
Аліна ўважліва агледзела незвычайнага госця. Ён быў апрануты ў чырвоныя камізэльку і нагавіцы, на галаве меў чырвоны каўпак. У руцэ гномік трымаў бліскучую палачку. Заўважыўшы дзяўчынку, гномік сказаў:
– Хадзі да мяне, Алінка. Я пакажу табе сапраўдны калядны цуд!
Дзяўчынка вельмі захацела паглядзець на той цуд. Але…
– Як жа я да цябе дабяруся? Я ж такая вялікая. Галінкі пада мной прагнуцца.
– Нічога, – адказаў гномік, – зараз я табе дапамагу.
Тут ён узмахнуў чароўнай палачкай, і дзяўчынка зрабілася зусім маленькай. Каб яна змагла ўзлезці на ёлку, гномік нахіліў да яе галінку, падаў руку і павёў да цацачнага дамка, схаванага за пушыстымі галінкамі ёлкі. На дамку быў чарапічны дах, комін, сцены крэмавага колеру, выцягнутыя акенцы, з якіх лілося святло. Ёлачныя іголкі ў гэтым асвятленні здаваліся залатымі.
Гномік і дзяўчынка ўвайшлі ў дамок. Там, у пакоі, Аліна ўбачыла маленькі столік, засланы абрусам. На стале быў расстаўлены посуд з рознымі прысмакамі, а ў цэнтры гарэла свечка. У куце схавалася маленькая ялінка, упрыгожаная цацкамі і бліскучымі агеньчыкамі. Гучала чароўная музыка.
У госці да гноміка пачалі збірацца госці: прыйшлі Алініны любімыя ёлачныя цацкі-звераняты. Усе спявалі калядныя песні. Каза, ліска, заяц і буслік паказалі тэатральную сцэнку. Пасля вадзілі карагоды і танцавалі. Такога цудоўнага і незвычайнага свята Аліна яшчэ ніколі не бачыла.
Неўзабаве гадзіннік на сцяне прабіў дванаццаць разоў, і дзяўчынка заспяшалася дадому. Бацькі ж нічога не ведаюць пра яе вандроўку і, напэўна, вельмі хвалююцца. Гномік правёў Аліну ранейшым шляхам і ўзмахнуў чароўнай палачкай. Дзяўчынка зноў стала вялікай. На шчасце, бацькі не заўважылі яе знікнення. Аліна хуценька легла ў ложак і адразу заснула. Ёй сніліся карагоды, ёлачныя ўпрыгожанні, сняжынкі, узоры на вокнах…
Прачнуўшыся раніцай, яна ўзгадала чароўнае свята, гноміка, карагоды і нават засумавала па сваіх новых сябрах.
– Хутчэй бяжы да ёлкі! – пачула яна мамін голас.
Пад галінкамі Аліна ўбачыла чырвоную каробку, перавязаную бліскучай стужачкай. Дзяўчынка хутка раскрыла падарунак. А там – цацачны гномік у чырвоным каўпаку. У руцэ ён трымаў бліскучую палачку. Аліна адразу ж пазнала свайго незвычайнага каляднага госця. Цяпер ён будзе заўсёды побач.
Вольга КОРСАК
норм очень хорошая и легкая