Музычнае зайчанё
Калі прачнуцца рана-рана і паглядзець у акно, можна пабачыць зайчанё. Не сонечнае, а зямное. Яно грызе фасолю на градцы. Напачатку фіялетавую (мо таму, што лета). Потым жоўтую (магчыма, яно ўяўляе сябе сонечным). Пасля застаецца грызці зялёныя струкі. Мажліва, зайчанятка грызла б і чырвоную альбо шэрую фасолю, але такой на градцы не знойдзеш.
Зайчанё грызе, а назіральнік можа паводзіць сябе па-рознаму. Можна выскачыць і крычаць. Тады зайчанё ўцячэ ў лес. А фасоля спакойна працягне расці. Гэтак робіць суседка цётка Галя. А можна зайчаняткам любавацца. Гэтак робіць Мар’янка. А маме, якая крыху перажывае за фасолю, дзяўчынка цвёрда тлумачыць:
– Трэба дзяліцца, ты ж сама казала.
Мама пагаджаецца. Ды і як тут не пагадзіцца, калі напраўду зайчанятка незвычайнае. Зайцы з казак ядуць і ядуць моркву. А гэтаму гурману даспадобы фасоля.
– До-рэ-мі-фа-соль-ля-сі – ты фасолю ўсю з’ясі, – спявае мама.
– Сі-ля-соль-фа-мі-рэ-мі – мама, зайчыка кармі, – далучаецца Мар’янка.
Зайчанё, аднак, карміць не трэба, галоўнае – не замінаць яму. Фа-соль-ля – знікаюць за ягонымі зубкамі ноткі. І Мар’янка раптам разумее – гэта ж музычнае зайчанё, яно любіць песні. Дзяўчынка выбягае на ганак і пачынае спяваць яму песеньку, што навучыла спяваць бабуля:
– На гарэ гаронцы
Сядзелі заёнцы…
Але зайчанё слухаць не хоча, яно ўцякае ад дзяўчынкі гэтаксама, як ад суседкі цёткі Галі. Мар’янка перажывае, але потым здагадваецца, што зайчанятка пабегла на Лысую Гару, якая месціцца побач, і там будзе сядзець з іншымі зайцамі-заёнцамі.
– Гэта ж трэба, – разважае Мар’яна, – у песнях усё – праўда.
Фасоля расце, і музычнае зайчанё – разам з ёю. Часам яно нават лянуецца бегчы ў лес на гару, і хаваецца ў кветніку перад хатаю.
Кветнік у мамы вельмі густы, ёсць дзе схавацца. Цётка Галя раіць прарэдзіць яго, зрабіць, як у яе, – прыгожа, і заяц не схаваецца, нічога не паломіць. Але Мар’янка шчаслівая, што яе мама разумее: музычнае зайчанё мусіць мець кветкавае лецішча.
А яшчэ пасля зімы цётка Галя будзе здзіўляцца, чаму зайцы пагрызлі толькі ейныя яблыні. Мар’янка ж здзіўляцца не будзе. За зіму яна вывучыла новую песеньку:
Заінька да шарусенькі,
Заінька да бялюсенькі!
Праскачы, зайка, у дзірачку
Да выламі сабе да быліначку.
Аксана СПРЫНЧАН
Праскачы, зайка, куды хош,
Абірай былінку, якую хош.