Баран бок абадран
Беларуская народная казка
Быў раз дзед, а ў таго дзеда баран. І захацеў той дзед зарэзаць свайго барана. Толькі пачаў рэзаць, трошкі бок абадраў, а баран усхапіўся ды ўцёк і схаваўся ў лісіную норку.
Прыйшла ліса ў норку, ажно там нехта сядзіць. Спужалася лісіца і пытаецца:
— Хто там?
А баран ёй адказвае:
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!
Лісіца спужалася і пабегла ваўка прасіць.
— А воўчанька ты мой, а кумочак мой, — хадзі, памажы маёй бядзе, паглядзі, хто гэта ў мяне ў норцы сядзіць.
Паслухаў воўк лісу, пайшоў зь ёю ў нару выганяць барана. Прыйшоў, ды сап, сап — носам нюхае.
— Хто там?
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!
Воўк спужаўся ды ўцёк. Пайшлі яны зь лісіцай ды к медзьвядзю, пачалі медзьвядзя прасіць:
— Мядзьведзінка, бацінка, — хадзі, памажы нашай бядзе, паглядзі, хто гэта ў лісінай норцы сядзіць.
Паслухаў мядзьведзь, пайшоў зь імі да норкі, прыйшоў, ды пытаецца:
— А хто там? А баран яму:
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!
Мядзьведзь спужаўся, ды ўцёк.
Ідуць яны, ідуць каля саду, ды бачаць — ляціць пчолка. Давай яны гэтую пчолку прасіць.
— Пчолка, душачка, — хадзі, паглядзі, хто гэта ў лісінай норцы сядзіць.
Паляцела пчолка зь імі, прыляцела і пытаецца:
— А хто там?
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!
А пчолка ня спужалася, — у норку, ды давай кусаць барана за абарваны бок.
Баран спалохаўся, выскачыў з норкі, ды давай уцякаць.