Мой верны кот
У Дзяўчынкі быў кот. Звалі яго Васька. Дзяўчынка вельмі любіла Ваську. Ён быў добры кот і сапраўдны сябар. Дзяўчынка ўвесь час забаўлялася з ім. А ноччу кот спаў на дыванку каля яе ложка і гучна вуркатаў. Ён спяваў ёй калыханкі.
Але больш за ўсё Васька любіў скакаць – з падаконніка, з крэсла, са стала і нават з шафы. З яе ён скідваў розныя рэчы – газеты, каробачкі, кошык з матчыным рукадзеллем. І мама на яго за гэта моцна злавалася.
– Калі-небудзь наш Васька разаб’е сабе галаву, – казала яна.
Маці, вядома, жартавала. Яна ведала, што каты ніколі не разбіваюць сабе галовы, калі скачуць з шафы. Але Дзяўчынка гэтага не ведала і заўжды баялася за Ваську.
Аднойчы, калі мамы не было дома, Дзяўчынка зрабіла з паперы крылцы і прывязала іх да Васькавай спіны тоўстымі ніткамі.
– Што такое? – запыталася маці, уваходзячы ў пакой. – Здаецца, у нашым доме з’явілася нейкая птушка?
– Гэта не птушка, гэта Васька, – сказала Дзяўчынка. – Цяпер ён не разаб’е сабе галаву, калі будзе скакаць з шафы.
Алена ПАПОВА
Пераклала з рускай мовы Раіса Баравікова