Вася Вясёлкін – Дабрасябрыч
З аповесці-казкі “Закаханы трэцякласнік”
Сустракаць дэлегацыю – Казачніка, Алесю і Толіка – выйшаў сам Вася Вясёлкін. На ім – летнія джынсавыя шорты, майка з каляровай вясёлкай. На галаве – саламяны капялюш, з якога вытыркалася антэнка з блакітным шарыкам. На левай руцэ замацаваны міні-камп’ютар са скайпам.
– Запрашаю гасцей у наша царства, – ветліва ўсміхнуўся Вася Вясёлкін.
Яго ўсмешка нагадвала сонечны промнік, які быццам жыў з ім. Гаспадар дакрануўся правай рукой да блакітнага шарыка над капелюшом, і ўсе дзверы ў царстве казак адчыніліся.
– Выбірайце колер! – прапанаваў Вася Вясёлкін.
Алеся і Толік перазірнуліся. Толіку падабалася чырвоная сукенка ў белыя кропелькі, якую любіла насіць Алеся. Ёй смачнымі былі чырвоныя яблыкі і персікі. І Толіку захацелася зрабіць Алесі прыемнае. Ён імгненна выгукнуў:
– Мы хочам увайсці ў чырвоныя дзверы!
Алеся не пярэчыла, ласкава зірнула на Толіка.
Вася Вясёлкін пасур’ёзнеў і папярэдзіў:
– За імі жыве страшная казка. Не будзеце баяцца?
– Ніколечкі, – амаль разам выгукнулі Алеся і Толік.
– Тады паехалі!
Праз лічаныя секунды шкляны ліфт прыпыніўся на трэцім паверсе. Падарожнікі адразу трапілі ў чырвоную залу, якая нагадвала касмічны купал неба з блакітнымі зоркамі. Вася Вясёлкін сеў за пульт, і адна з зорак тут жа ўспыхнула. На экране ажылі вогненныя кадры.
Баба Яга са сваімі памагатымі падкралася да хаты. Зазірнула ў акно. У калясцы спіць дзяўчынка. І пачвара, прывыклая шкодзіць дзецям, падпаліла хату. Пры гэтым мармытала свой зладзейскі нагавор:
– Гары, гары ясна, каб толькі не пагасла…
Высокім чырвоным факелам узнялося ў неба спякотнае полымя. У гэта пажарышча ўскочыла мама дзяўчынкі. І праз некалькі хвілін вынесла з пекла сваю дачушку Сашку, абпечаную, счарнелую, амаль абвугленую…
Вася Вясёлкін тлумачыў далей:
– Я хуценька паслаў сваю крылатую машыну “ВВД” па доктара Айбаліта. Той прыхапіў з сабой Дзятла-хірурга, Вавёрку-сястрыцу, на ўсе рукі майстрыцу. Бабёр-сусед, у сажалцы жылец, ажно зароў: “Вазьміце маю кроў”. Прыляцела Сава ноччу: “Мо патрэбны мае вочы?” Прыбегла Куніца: “Зрабіце з маёй рабрынкі носік дзяўчынцы”. Вавёрка-модніца падарыла станок, якім можна нарошчваць валасок. А ціхоня Вожык заявіў: “Я жыць не змагу, пакуль Бабу Ягу не злаўлю”. Узняўся ўвесь свет дабрадзеяў ратаваць дзяўчынку – ахвяру ліхадзеяў…
Алеся ўсхліпнула, прытулілася да Толіка, спытала ў Васі Вясёлкіна:
– А ці выратавалі Сашку?
– Ёй зрабілі болей за трыццаць аперацый. Нанова змайстравалі носік. Нарасцілі валосікі на галаве. Выратавалі вочы. А вось пальчыкі і далоні захаваць не змаглі, – Вася Вясёлкін пераключыў экран і ўсе як бы ўвайшлі ў мастацкі музей.
Антонік ахнуў:
– Ды мы ж трапілі ў Афрыку!
– Гэта ўсе карціны дзяўчынкі Сашы, – з гонарам сказаў Вясёлкін. – Бадзёрага льва, малпу-забіяку, кракадзіла-задзіраку яна намалявала… куксамі.
– Якая Саша майстрыца! – пахваліла Алеся мужную дзяўчынку і спытала. – А дзе ж яна цяпер?
– У космасе. Вывучылася на праграміста. Любіць родную мову. Ведае шмат замежных моў. Сябруе са спортам. Вось яе і ўзялі ў касмічную экспедыцыю.
– Ух ты, як здорава! – дзіваваліся Алеся і Толік. Яны і радаваліся за Сашу, і зайздросцілі ёй. І захапляліся!
Казачнік стрымана ўсміхаўся. Ён усцешваўся, што адкрыў закаханым трэцякласнікам чароўную казку жыцця. Аказваецца, яна тварылася не за трыдзевяць зямель, а ў іхнім горадзе. Зусім недалёка ад іх школы.
Развітваючыся, Толік спытаў у Васі Вясёлкіна:
– А чаму ваша крылатая машына называецца “ВВД”?
– У свеце казак, – прызнаўся гаспадар, – мяне клічуць Вася Вясёлкін – Дабрасябрыч. Марка машыны склалася з першых літар майго імя.
– Дабрасябрыч, – задумліва паўтарыла Алеся і прашаптала Толіку: – Я цябе так хачу называць.
– Дзякуй, Дабрасяброўка! – твар Толіка свяціўся ліхтарыкам.
На развітанне Вася Вясёлкін патлумачыў:
– У царства казак збіраю ўсіх, хто ўмее рабіць дабро. Тут і вучым дабру. Разам мы моцны арэх, які не па зубах злыбеднай Ёжцы.
Вася Вясёлкін запрасіў вандроўнікаў іншым разам наведаць астатнія вясёлкавыя паверхі сваіх казак.
Калі крылаты “Опель-попель” Казачніка ўзняў сяброў увысь, Толік у роздуме сказаў:
– Чаму ж так атрымліваецца: Бабу Ягу і яе домік на курыных лапах усе ведаюць, а добрае царства Васі Вясёлкіна мы толькі што адкрылі?
Думала пра гэта і Алеся.
Паклапоцімся і мы над загадкай.
Уладзімір ЛІПСКІ