Ствараем казку
Алена Масла
Дарагія сябры!
Наша чароўная вандроўка з “Вясёлкай” доўжылася цэлы год. Мы разам спасцігалі сакрэты напісання казкі, даведваліся казачныя цікавосткі, малявалі і самі стваралі незвычайныя гісторыі. Журы на чале з Бабай Ягой і казачнікам Баем вельмі задаволена вынікамі працы юных пісьменнікаў і мастакоў! Асабліва цешыцца сёння Баба Яга: з дапамогай мінчанкі Галі Пятровай, якая выканала складанае заданне, яна вярнулася ў родную хатку на курыных лапках.
І казачнік Бай не крыўдуе, і кот Баюн цешыцца – якія прыгожыя іх партрэты вы стварылі!
Зусім не хочуць казачныя героі развітвацца з вамі. Напярэдадні Калядаў і Новага года надумалі яшчэ адзін конкурс абвясціць – на лепшы карнавальны касцюм! Апраніцеся героем якой-небудзь беларускай народнай казкі. Пашчыруйце, змайструйце касцюм самі ці з дапамогай старэйшых. “Вясёлка” чакае вашых фотаздымкаў у казачных строях! Аўтары найлепшых касцюмаў атрымаюць узнагароды.
Выканайце наша конкурснае заданне, і зразумееце: казачныя цуды ствараюцца ўмелымі рукамі. А казачны настрой не пакідае тых, хто ўмее яго ствараць!
Хатка на курыных лапках шукае Бабу Ягу
Пайшла хатка шукаць Бабу Ягу. Абулася ў боты-хуткаходы, а яны да ўзлеску дабеглі – а далей не хочуць!
– Ну і што мне цяпер рабіць?
Тут насустрач хатцы ідзе Марылька:
– Трэба схадзіць да Івана Світанніка, можа, ён падкажа.
Пайшла хатка на курыных лапках разам з Марылькай у вёску, дзе жыў Іван Світаннік. Просяць яго:
– Падкажы, што зрабіць, каб боты-хуткаходы зноў шпарка бегалі?
– У мяне ёсць гуслі-самаграі. Ад іх музыкі боты так заварушацца, што мы за табой, хатка, і не ўгонімся! А я хачу з вамі ісці, у дарозе ад ліха абараняць. У мяне і меч-кладзянец ёсць!
Забрала ў сябе хатка Марыльку і Івана Світанніка, гуслі як зайгралі – у адно імгненне ўсе апынуліся каля чароўных жаронцаў. Чароўныя жаронцы кажуць:
– Хто з’есць незвычайныя бліны з маёй мукі, у дарозе не стоміцца!
Падсілкаваліся блінамі і рушылі далей. Бачаць: ідзе насустрач Кот Баюн.
– Коцік, што ты тут робіш?
– Я ведаю, дзе Баба Яга. Ідзіце за мной.
Ідуць яны далей і бачаць печ. Марылька кажа:
– Я ведаю: гэта печ пячэ смачныя пірагі.
Наеліся ўсе, ката накармілі і пайшлі далей. Нечакана хатка на курыных лапках убачыла ўдалечыні новую хатку Бабы Ягі. Крычыць:
– Бачу сваю гаспадыню ў новай хатцы!
Пабеглі ўсе, ды толькі Кот Баюн адстае. Быў ён ужо стары. Ніхто сябра пакінуць не захацеў. Раптам бачаць – дрэва з маладзільнымі яблыкамі. Два яблыкі Кот Баюн з’еў і памаладзеў. Дабраліся ўрэшце сябры да новай хаткі. І гаворыць старая хатка:
– Бабуся Ягуся, ідзі да мяне.
– Ды я хацела б, але новая хатка не адпускае.
А новая хатка абураецца:
– А чаго гэта я павінна аддаваць Бабу Ягу старой і сумнай хатцы?
А Кот Баюн адказвае:
– Таму што нездарма кажуць: “Новых сяброў набывай, але і старых не забывай”.
Новай хатцы стала вельмі сорамна, і яна адпусціла Бабу Ягу.
Старая хатка расказала Бабе Язе ўсе свае прыгоды, і яны пайшлі дадому ў лес.
Галя Пятрова, гімназія № 23 г. Мінска.
Цюльпан і Разумка
Цюльпан ходзіць на баль. У яго чырвоны строй. Усе пчолкі любяць яго, але найбольш даспадобы Цюльпан пчолцы Разумцы. Пчолку Разумку клічуць так, бо яна разумная. Яна першая прылятае і п’е нектар. Перад тым як піць, яна засцілае стол, уключае музыку, развешвае ў Цюльпане прыгожыя балёнікі, раскладвае цукеркі, мёд, нектар, торт, піражкі, печыва і ліманад. Яна сядае за стол, частуецца і заўсёды на развітанне кажа “дзякуй!”. Дзякуе Разумка вельмі доўга. Яна – найразумнейшая пчолка на свеце.
Альжбэта Малішэўская-Спрынчан, гімназія №23 г. Мінска.