Сон
Адзін Хлопчык часта прастуджваўся і дрэнна еў, і летам яго прывезлі да Бабулі на дачу. Ён забаўляўся ў двары, а побач хадзілі куры. Хлопчык узяў каменьчык і шпурнуў яго ў белую курыцу.
Бабуля пабачыла гэта і сказала:
– Ніколі так не рабі. Гэта курыца можа знесці табе чароўнае яйка.
На другі дзень Бабуля прынесла ў дом некалькі свежых яечак.
– Яна знесла мне чароўнае яйка? – запытаўся Хлопчык.
– Так, – сказала Бабуля. – Вось яно…
Гэта пытанне Хлопчык задаваў цяпер кожны дзень, і кожны раз Бабуля адказвала: “Вось яно,” – і давала яму яечка.
Хлопчык пасябраваў з белай курыцай і прыносіў ёй хлебныя крошкі. Калі ён выходзіў у двор, яна адразу да яго падбягала.
Аднойчы яму прыснілася белая курыца. Яна была агромністая-агромністая. І ён спаў на ёй, як на бабулінай пуховай пярыне. У сне яму было вельмі хораша і цёпла. Хлопчык адчуваў сябе шчаслівым. Усе ведаюць, што ў сне дзеці растуць. Пад канец лета хлопчык паздаравеў і падужэў. Бабуля казала праўду: у белай курыцы былі чароўныя яечкі. У іх была сіла жыцця.
Алена ПАПОВА
супер