Як утварыўся Месяц?
Цікавы факт: у некаторых планет нашай Сонечнай сістэмы некалькі спадарожнікаў, а ў нашай Зямлі толькі адзін – Месяц. Чаму? Вучоныя мяркуюць, што 5 мільярдаў гадоў назад пасля ўтварэння нашай планеты нарадзіўся і яе спадарожнік. Горныя пароды ляталі вакол Сонца, новыя планеты біліся адна аб адну. Гэты хаос цягнуўся мільёны гадоў. А калі ўсё супакоілася, утварылася і наша Сонечная сістэма. Вакол галоўнага свяціла лятала па арбітах шэсць планет, тысячы астэроідаў, метэарытаў і камет. І, магчыма, наш Месяц меў драматычную гісторыю нараджэння.
Справа ў тым, што маладая Зямля была вельмі гарачай, і горныя пароды плавіліся і цяклі рэкамі лавы па яе паверхні. Тады вакол Зямлі і ўтварылася невялікая планета. І яна сутыкнулася з Зямлёй. У выніку лава вылілася ў космас. Некаторыя рэшткі сутыкнення ўпалі назад на Зямлю, але большая частка паляцела ў касмічную прастору, утварыўшы кавалак гарачага каменя, які пачаў астываць і ператварыўся ў добра знаёмы нам бела-шэры Месяц. Ён ззяе над намі срэбным дыскам, і мы захоплена ўзіраемся ў касмічнае бязмежжа.
Загадка Месяца, яго прыгажосць натхнілі многіх паэтаў і музыкантаў на вершы і песні. А што думаеш ты, калі глядзіш на гэты спадарожнік Зямлі? Падумай і падзяліся сваімі меркаваннямі з сябрамі, раскажы ім пра стварэнне гэтай незвычайнай планеты.
ТЭРЫТОРЫЯ ЭРУДЫТАЎ
Ці ведаеце вы, што
* англійскі вучоны Ісаак Ньютан даказаў, што рухам усіх нябесных целаў кіруе сіла прыцягнення. Напрыклад, Зямля рухаецца па сваёй арбіце пад уплывам прыцягнення да Сонца, а Месяц – пад уплывам прыцягнення Зямлі, таму і называецца яе спадарожнікам;
* хуткі цягнік пераадолеў бы шлях ад Зямлі да Месяца за 150 дзён, а касмічныя ракеты ляцяць двое сутак;
* маса Месяца ў 82 разы меншая за масу Зямлі.