Віяліна
Калісьці даўным-даўно ў Італіі жыла птушачка, падобная да нашага крыжадзюба. Вельмі яна любіла кляваць зярняткі з яловых шышак. Вядома, не ўсё яна з’ядала, часам насенне падала на зямлю, і з яго прарасталі ялінкі.
Мінула колькі гадоў, і каля адной з ялінак упала і прарасло семя клёна. Так сталі расці побач два дрэвы – ялінка і клён. Усе любаваліся імі, асабліва падабалася бываць у тым ляску аднаму хлопчыку, якога звалі Андрэа. Ён часта прыходзіў да клёна і ялінкі, каб пайграць ім на сваёй скрыпачцы. З часам Андрэа заўважыў: заўсёды, калі ён грае журботную песню, дрэвы паволі ківаюць яму галінамі, а на ствале ялінкі выступаюць кропелькі-слёзкі. Хлопчык нікому не расказваў пра гэта, бо з яго пачалі б насміхацца: “Звычайную смалу прыняў за слёзы!”
Ішлі гады, і аднойчы, ужо будучы юнаком, Андрэа зноў завітаў у свой лясок. Ён пабачыў, што яго любімыя дрэвы ляжаць ссечаныя. Гора юнака было бязмежным. Ён абняў ствалы ялінкі і клёна і горка заплакаў. Але што можна было змяніць? Тады Андрэа вырашыў зрабіць са сваіх зялёных сяброў скрыпку.
Шмат дзён і начэй майстраваў хлопец інструмент. Верхнюю частку скрыпкі Андрэа зрабіў з ялінкі, а ніжнюю – з клёну. Скрыпка атрымалася вельмі прыгожая. Майстар і назву для яе прыдумаў – віяліна, што па-італьянску значыць “фіялачка”. А калі ён пакрыў скрыпку слёзкамі-смалой, якія калісьці сабраў з любімай ялінкі, яна загучала зусім чароўна.
Па ўсёй Італіі разнеслася слава пра новага скрыпічнага майстра. Гучанне скрыпкі так спадабалася італьянцам, што многія майстры ўзяліся вырабляць такія ж інструменты. Але ні ў кога нічога падобнага не атрымлівалася. Сакрэт жа дзівоснага гучання скрыпак быў у лаку, які Андрэа рабіў са смалы свайго любімага дрэва. Але ў гэта ніхто не верыў. Толькі ў канцы ХХ стагоддзя навукоўцы пацвердзілі тое, што адкрыў чатырыста гадоў таму Андрэа: дрэвы адчуваюць стаўленне да сябе чалавека.
Вось такую таямніцу ведаў цудоўны скрыпічны майстар ХVІ стагоддзя Андрэа Амаці.
Аляксандр МІЛЬТО
Пераклала з рускай мовы Святлана БОГУШ