Яго завуць Дабрынем
Сюжэт без выдумкі: у вёсцы,
У хаце нумар дваццаць пяць
Жыве-расце звычайны хлопчык,
Як прадзеда, Данілам зваць.
Ды хлопчыка таго ласкава
Завуць Дабрынем. А чаму,
Завошта, з-за якой праявы
Пашана гэткая яму?
Ён тры гады дружыў з дзетсадам,
Пахвальна скончыў першы клас.
Ёсць у яго сястрычка Лада,
Зусім малая – немаўля.
Дабрыня часта з ёй гуляе.
Каляска – ўсюдыход яе.
Хаця яшчэ не размаўляе,
Затое – плача, як пяе.
***
– Агу, Дабрыня! Дзе схаваўся?
Вылазіць з будкі-катушка:
– Я Рэкса частаваў каўбаскай.
Аддаў спачатку паўкуска.
Ды бачу – ён маркотны, млявы,
Мяне зусім не так сустрэў –
Не гаўкнуў ані разу нават.
Пакрыўдзіў хтось ці захварэў?
Калі ж усё з’еў, дык адразу
Палагаднеў, павесялеў.
І раптам – гыркнуў, быццам страшыў –
Маўляў, не Рэкс ён, а сам Леў…
Дабрыня сябрука пагладзіў:
– Не страшны ты, і не дуры.
Калі жадаеш, то паглядзім,
Як бавяць час твае сябры.
Іван Муравейка