Сусветная памяць ЮНЕСКА
Вы, вядома ж, бывалі ў Мірскім замку, а мо і ў Нясвіжскім. Магчыма, хадзілі па таемных сцежках Белавежскай пушчы. У замках захапляліся выдатным майстэрствам старажытных дойлідаў, бачылі цудоўныя карціны, скульптуры, старадаўнія кнігі і шмат таго, што з’яўляецца нашай нацыянальнай каштоўнасцю і гонарам. У магутнай Белавежскай пушчы ўсіх нас найперш здзіўляе некранутая прырода, што здаўна пануе тут. А калі пашанцуе, вы на свае вочы можаце ўбачыць звяроў, якіх не сустрэнеце нават у заапарку, пачуеце такія песні птушак, якіх не здолее паўтарыць самы здатны спявак.
Нясвіжскі і Мірскі замкі, Белавежская пушча без перабольшання належаць не толькі да нашага нацыянальнага багацця, а і да агульнаеўрапейскіх, чалавечых каштоўнасцей і набыткаў. Гэта пацвердзіла сур’ёзная і аўтарытэтная міжнародная арганізацыя з трохі загадкавай назвай ЮНЕСКА.
Паводле яе рашэння, Мірскі і Нясвіжскі замкі, Белавежская пушча ўключаны ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны. Такіх аб’ектаў у гэтым спісе каля 800. Не вельмі шмат, калі ўлічыць, што ў яго трапляюць помнікі з усяго свету. А значыць, нашы нацыянальныя скарбы становяцца ўпоравень з Егіпецкімі пірамідамі, Вялікай Кітайскай сцяной і іншымі сусветнымі шэдэўрамі.
У 2003 годзе з’явілася Канвенцыя ЮНЕСКА аб абароне нематэрыяльнай культурнай спадчыны. А ці ведаеце вы, што такое нематэрыяльная культурная спадчына? Такую назву атрымалі нацыянальныя традыцыі, народныя музыка, танцы, рытуалы і фестывалі, рамёствы. Усё гэта мае назву жывой спадчыны. Уяўляеце, спадчына можа быць жывой. Сёння ў спіс шэдэўраў нематэрыяльнай культуры ад Беларусі ўнесены абрад “Калядныя цары”, які бытуе ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна. Прапанавана ўключыць у сусветны спіс Калядную гульню “Жанiцьба Цярэшкi”, традыцыю шапавальнага рамяства Дрыбінскага раёна. Шапавалы – гэта народныя майстры, якія здаўна выраблялі і вырабляюць зручныя і цёплыя валёнкі. Для пашырэння ведаў пра наша духоўнае мінулае створаны нават спецыяльны інтэрнэт-сайт “Жывая спадчына Беларусі”.
ЮНЕСКА ажыццяўляе таксама праграму “Памяць свету”. Займаецца ёю міжнародны савет, у які ўваходзяць і беларусы. Яго клопат – ахова гістарычных дакументаў, архіваў. Асаблівае месца займае праграма “Літаратурная спадчына Беларусі”. З дапамогай ЮНЕСКА на электронныя дыскі пераведзена ўся беларуская літаратура ад ХІ стагоддзя да нашых дзён, якая ўключана ў навучальныя праграмы. Дыскі гэтыя бясплатна разасланы ў бібліятэкі, школы, музеі. Такім чынам, карыстацца імі можаце і вы.
А яшчэ праграма “Памяць свету” дапамагае ўсім нам атрымаць электронныя дыскі з дакументамі, якія захоўваліся некалі ў архівах Радзівілаў, Сапегаў. Многія з гэтых дакументаў апынуліся за межамі Беларусі, і сёння знаёміцца з імі вельмі складана. Таму краіны, дзе гэтыя каштоўныя помнікі захоўваюцца, пагадзіліся перавесці іх на электронныя носьбіты.
Кожны год ЮНЕСКА стварае міжнародны каляндар памятных дат і юбілеяў выбітных асоб свету. Даволі шырока прадстаўлена там Беларусь. Некалі ўся чалавечая супольнасць годна адзначыла 500-гадовы юбілей нашага першадрукара Францыска Скарыны, 200-гадовыя юбілеі вучонага, геолага Ігната Дамейкі, пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, мастака Івана Хруцкага. У памятны каляндар ЮНЕСКА на 2014 год унесены юбілей вучонага і дыпламата Іосіфа Гашкевіча, на 2015 – кампазітара, дыпламата, палітычнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага. Гэтыя людзі нарадзіліся на нашай зямлі і зрабілі важкі ўклад у развіццё агульначалавечых каштоўнасцей не толькі ў Беларусі, а і ў іншых краінах.
ЮНЕСКА была створана 16 лістапада 1945 года, праз некалькі месяцаў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Як толькі наступіў мір, з’явілася неабходнасць аб’яднаць намаганні краін у аднаўленні і захаванні для нашчадкаў разнастайнай культурнай спадчыны.
У 1954 годзе (акурат 60 гадоў таму) Беларусь таксама далучылася да дзейнасці ЮНЕСКА. Створана Нацыянальная камісія, якая дзейнічае і сёння. З той пары наша краіна актыўна супрацоўнічае з міжнароднай арганізацыяй. У некаторых беларускіх вышэйшых навучальных установах адкрыты спецыяльныя кафедры ЮНЕСКА. У Нацыянальнай бібліятэцы дзейнічае Цэнтр інфармацыі і дакументацыі ЮНЕСКА. Цяжка пералічыць усе праграмы і напрамкі дзейнасці, якія ажыццяўляюцца ў Беларусі з дапамогай гэтай уплывовай арганізацыі.
Сёння членамі ЮНЕСКА з’яўляюцца 195 дзяржаў свету. Афіцыйныя мовы арганізацыі – англійская, арабская, іспанская, кітайская, руская і французская. Гэта, аднак, не азначае, што ЮНЕСКА не вітае развіццё і захаванне іншых нацыянальных моваў. Так што і беларуская мова знаходзіцца пад пільнай увагай ЮНЕСКА. Вывучаючы яе, размаўляючы па-беларуску, вы тым самым дапамагаеце ажыццяўляць карысную дзейнасць гэтай міжнароднай арганізацыі, спрыяеце захаванню культурнай і моўнай разнастайнасці, пра што нязменна дбае ЮНЕСКА.
Знайдзіце свой шлях удзелу ў яе праграмах і напішыце пра гэта ў рэдакцыю часопіса. А яшчэ адкажыце на пытанне: якія беларускія аб’екты ўключаны ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны?
Анатоль БУТЭВІЧ,
член Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА
Шаноўная рэдакцыя, дзякуй, што дбаеце пра спадчыну для нашых дзяцей. Дазвольце нам далучыцца кропелькай творчасці ў моры таленавітых песняроў.
Дыялог СВЕТУ.
— «Мэрсі боку».
— Я еду ў Баку.
— «Хоба».
— Жадаю ўсім дабра.
— «Уац ё нэйм»
— За Вас цукерку з’ем.
— «Іх лібе дзіх…»
— У мяне вельмі добры слых?
— Як жа цябе кахаю!
— «Тебя я понимаю».