Любоў Сівурава — вершы з кніжкі «Драпата»
Марты, Марцікі, Мармышкі —
Тыпажы для добрай кніжкі.
Хвароба драпатапа
У майго ката Патапа
Ёсць хвароба – драпатапа.
Драпатуе драпатапа
Кожны дзень ката Патапа.
Ваяўнічы Васька
Васька дужа ваяўнічы −
Часта ходзіць на бальнічны.
І таму у Ваські зноў
Ні хваста і ні вусоў!
Кот Даніла
Ёсць у хаце кот Даніла.
Калі спіць, то вельмі мілы,
А калі прачнецца ён ─
Ўсе губляюць дружна сон.
Кот-бюракрат
Вельмі той рабоце рад
Васька – чысты бюракрат.
Любіць котку павучыць
Ды клубочкі палічыць.
Нехта раніцай прынёс
У пакой паперы стос.
Мусіў сцерці пыл на носе
Пакапаўшыся ў стосе.
Кот- мармыт
Кот Сцяпан такі мармыт,
Доўгі час ужо нямыт.
Будзе яму пранне,
Падкрухмалім убранне.
Кот-паэт
Гэта бачна без сумненьня ―
Да ката прыйшло натхненьне.
Проста з космасу яму
Рыфма мкне у галаву.
Востры кіпцік
Надвячоркам і на ранак
Замест ранішніх зарадак
Прачынаецца мой Цыпцік
Ды бяжыць вастрыць свой кіпцік.
― Ты каточак, дабрадзею,
Умацуй маю надзею:
Перастань шпалеры рваць,
Лепш ідзі ў ложак спаць.
Рыжы кот
Па сцяжынцы паміж дрэў
Да двара ідзе не леў,
Не вушасценькі янот,
А вялікі рыжы кот.