У грыбах
У часопiсе вы таксама можаце знайсцi маляванку.
Баравікі
Пад ялінаю, што цвік,
Вырас волат-баравік.
Побач з ім, нібы глячок,
Тоўсценькі баравічок.
Лісічкі
Не мяняе Дзімка звычкі.
Любіць ён збіраць лісічкі.
У імху яны на сонцы
Залацяцца, як чырвонцы.
Сыраежкі
Выбеглі ўсе сыраежкі
Ноччу на лясныя сцежкі.
Можа, хочуць днём харошым
Папрасіцца ў чыйсьці кошык?
Падбярозавік
Падбярозавік на ўзлеску
Так узрадаваў Алеську,
Што яна цераз бярвенне
Пераскочыла ў імгненне.
Падасінавік
– Як, унучка, – дзед пытае, –
Падасінавік пазнаеш?
І адказвае Ілона:
– Ён у шапачцы чырвонай.
Ваўнянка
Гэта добра ўсім вядома,
Што ваўнянка – грыб ядомы.
Прыкрываецца ігліцай,
Быццам нечага баіцца.
Мухамор
На палянцы лісяняткі
У слязах бягуць да таткі:
– Сёння каля нашых нор
Пасяліўся мухамор!
Як не плакаць нам ад скрухі –
Ад яго загінуць мухі.
Грузды
Кажа Толя ў лесе брату:
– Бач, грыбоў тут не багата!
Лепей пойдзем мы туды,
Дзе растуць адны грузды.
Рыжыкі
Закапрызіла Гануля:
– Рыжыкі шукаць не ў стане!
Любіць іх збіраць дзядуля,
Я ж люблю іх у смятане.
Казлякі
– Сёння я на дзіва ходкі.
Тата, тут аж дзве чародкі! –
Глеб знаходцы вельмі рады,
Лашчыць казлякі паглядам.
Паганка
– Грыб які прыгожы, Данка.
Ну, хіба гэта – паганка?!
– Так, – сяброўцы кажа Дана, –
Вырас воўку на сняданак.
Махавікі
У бары сачыў Ягорка
За гарэзаю вавёркай,
А тым часам грыбнікі
Пабралі ўсе махавікі.
Апенькі
У сяброў спытаўся Жэнька:
– Чаму Валі няма з намі?
І пачуў:
– Яна ў апеньках!
Носіць з лесу іх кашамі.
Шампіньёны
За мястэчкам гай зялёны.
Там збіраюць шампіньёны.
– Не, – сябрам даводзіць Зіна, –
Іх прыносяць з магазіна.
Буся-грыбнік
Дзік маленькі круціць рыльцам:
– Я ў бары цяпер баюся.
Кажуць, тут з’явіўся Буся,
Ён – адважны, грозны рыцар.
Буся дзюбаю панік:
– Я не рыцар, я – грыбнік!