Вясёлыя задачкі
Пяць гадочкаў Глебу,
Тры з паловай – Каці.
Колькі год патрэбна,
Каб яго дагнаць ёй?
КОЛЬКІ А ў ПТУШАК?
Жораў,
Ластаўка,
Сава.
Падлічы, каб ведаў,
Колькі ў суме літар А
Ёсць у птушак гэтых.
Ну а колькі літар тых
Неўзабаве стане,
Як далучацца да іх
Шпак,
Жаўна
І каня?
МАШЫНА І ШЫНЫ
Чатыры шыны у машыны,
І адна ў ёй – запасная.
А колькі шын вязе машына?
Хто з вас першы адгадае?
КОЛЬКІ ДРЭЎ?
Зачасаўшы ўгору чуб,
Раскашуе ў лесе дуб.
На яго глядзяць зайздросна
Тры асіны, дзве бярозкі,
Пяць алешын, сосен пяць…
Колькі ж дрэў
На дуб глядзяць?
ЗАДАЧКА-ЖАРТ
Загадаў задачку Стас
Браціку свайму Дзяніску:
– Што хаваецца штораз
Паміж Віцебскам і Мінскам?
ШТО ПЕРАШКАДЖАЕ МІКІТУ?
З матэматыкай нібыта
Сябраваць гатоў Мікіта
І рашыць задачу б мог,
Каб даведацца вось толькі,
Колькі будзе сем без трох
І без двух чатыры – колькі.
Анатоль ЗЭКАЎ
«Цуд дый годзе!» скажуць у народзе.
Вашыя загадкі для маіх дзяцей.
Буду тут бываць часцей, —
У наступным годзе.