Пра Бусю, які жыве на Беларусі (працяг)
Праз некалькі дзён пасля размовы з Бусем бацька сказаў бу-сля-ня-там:
– Мы з маці адлучымся на бусліны сход. Трэба рых-та-ва-цца да пе-ра-лё-ту ў Афрыку, а вы за-баў-це-ся чым-небудзь.
– Не, не! Мы з вамі, кля-кля, – за-кры-ча-лі бусляняты і штосілы за-ма-ха-лі крыламі.
– Добра, ляціце з намі, – пагадзіўся бацька. – У буслянцы пакінем Бусю за вар-таў-ні-ка.
І неў-за-ба-ве Буся застаўся адзін. Спачатку ён выглянуў з буслянкі і ўважліва агледзеў наваколле. Але нічога цікавага там для сябе не знайшоў. Яму стала сумна. Раптам побач з буслянкай пачулася:
– Вох-вух, вух-вух, ледзь узняўся!
Буся ўзрадаваўся. Ён пазнаў голас Ветрыка.
– Ты дзе?
– Ды тут я! Тут! – Ветрык прысеў на краёк буслянкі. – Стаміўся вельмі. Учора лётаў далёка-далёка. З братамі гуляў у хованкі ў Чорным лесе. І што ты думаеш, Буся? Мы сустрэлі там Чорнага бусла. Ён папрасіў перадаць табе пры-ві-та-нне.
Буся разгубіўся.
– Буслы, кля-кля, не бываюць чорнымі, – прамовіў ён.
– Ты што! – абурыўся Ветрык. – Чорны бусел – ваш сваяк. Хіба ты не ведаеш?
Бусю стала цікава.
– А чаго ён чорны, калі мы ўсе белыя?
– Гэтага я не ведаю, – ад-мах-нуў-ся Ветрык. – Вах-вух, хочацца паляжаць.
– Дык залазь у буслянку, – сказаў Буся.
– Не, дзякуй! У мяне ўтульная ля-жа-нач-ка пад кустом язміну. Вох-вох, як я стаміўся! А пра Чорнага бусла табе могуць расказаць бацькі. Ну, дык я паляцеў!
– Ляці, – паніклым голасам адазваўся Буся.
– Э-э, чакай! Ледзь не забыўся. Я ж яшчэ лётаў з братамі над Топкім балотам, – завухкаў Ветрык. – Там жывуць Шэры журавель і Белая чапля. Яны таксама прасілі перадаць табе прывітанне. Толькі не кажы, што ты і гэтых сваякоў не ведаеш! Ну, бывай, Буся! Бывай!
– Кля-кля! Я і сапраўды іх не ведаю, – закрычаў Буся. Але Ветрык быў ужо далёка ад буслянкі, і Бусю зноў стала сумна-сумна.
“Як жа так, – разважаў ён, – які сорам! У Чорным лесе жыве Чорны бусел, у Топкім балоце – Шэры журавель і Белая чапля, а я ні-ча-гу-сень-кі пра іх не ведаю, – і Буся адчуў, што яго дзюба і лапкі сталі яшчэ больш чырвонымі. – Гэта ўсё ад сораму, – вырашыў ён. – Але ж я чую, што мае крылцы казыча радасць, кля-кля! Мне сапраўды вельмі радасна, што нашы сваякі перадалі праз Ветрыка прывітанне! І, вядома ж, нехта з бацькоў раскажа мне пра нашых сваякоў. Ах, кля-кля… Я ўвесь згараю ад цікавасці: чаму Чорны бусел жыве ў чорным лесе, а Шэры Журавель і Белая чапля ў Топкім балоце?!”
5. Сумная гісторыя
Бусевы бацькі доўга не за-тры-ма-лі-ся на бусліным сходзе. Яны вяр-ну-лі-ся ў буслянку трошкі ўсхва-ля-ва-ны-я і вельмі радасныя.
– А ты, Буся, бачу, тут не сумаваў без нас, – сказаў бацька. – Вочкі твае радасцю свецяцца.
– Да мяне прылятаў Ветрык, – хутка адказаў Буся. – Ён перадаў мне прывітанне ад Чорнага бусла, Шэрага жураўля і Белай чаплі.
– Вось як, – здзівіўся бацька і паглядзеў на маці. – Бач ты, адазваліся нашы сваякі.
– Татачка, а чаму Чорны бусел стаў чорным? – па-спя-шаў-ся запытацца ў бацькі Буся. – Мы ж усе белыя!
– Э-э, мой маленькі, гэта вельмі сумная гісторыя. Я расказаў бы яе табе, але трэба і пра абед падумаць, – бацька паглядзеў на бусевых братоў, распрастаў крылы і пра-па-на-ваў: – Ну, хто з вас паляціць са мною на свежую пожню?
– Мы ўсе паляцім. Мы ўжо добра лётаем, кля-кля! – браты тут жа ўзняліся з буслянкі і паляцелі ўслед за бацькам.
– Падсунься да мяне, Бусечка, – маці абняла Бусю сваім крылом. – Паспі трошкі.
– Не-не, – узняў Буся дзюбу. – Я хачу пачуць сумную гісторыю пра Чорнага Бусла.
Маці за-ду-ма-ла-ся, уз-дых-ну-ла:
– А яна, гісторыя гэтая, сапраўды сумная. Вельмі сумная, Буся. Значыцца, хочаш пачуць?
Буся заківаў дзюбай.
– Ну, дык слухай… Некалі тыя буслы, як і мы, былі белымі. Але адзін з іх не ра-за-браў-ся як след і пабудаваў сваю буслянку на даху хаты вельмі злоснага чалавека. “Кля-кля-кля, кля-кля,” – штодня чулася з той буслянкі. Мы, буслы, любім залівацца клёкатам. Гэты клёкат вельмі раззлаваў нядобрага гаспадара. І аднойчы, калі дарослыя буслы паляцелі па сняданак для буслянятак, ён узабраўся на дах і скінуў, разбурыў іх буслянку.
Калі ж неўзабаве вярнуліся буслы і пабачылі, што нарабілася, яны ўмомант счарнелі ад гора. Паляцелі прэч ад той хаты, як мага далей ад людзей, у Чорны лес, у самы гушчар. Там і жывуць.
6. Пра жураўля і белую чаплю
– А іхнія дзеткі? – у Бусевых вочках заблішчалі слёзы.
– Двое з іх – брат і сястра – выжылі. Падняліся ў паветра, каб расшукаць бацькоў, але яшчэ вельмі слаба лёталі і апусціліся ў Топкае балота. Сястра села на грудок, а буслік трапіў у дрыгву… Выкараскваўся з усіх сіл, крылцы ў шэрую твань запэцкаў, а тут раптам чалавек…
Буся ўздрыгнуў. Маці пагладзіла яго крылом і працягвала:
– Ён дапамог Бусліку вылезці, пакарміў яго, пачаў добра разглядваць: “І з якіх жа ты зямель – шэры, шэры… Журавель,” – дадаў чалавек у рыфму. Вось і сталі зваць Бусліка Шэрым жураўлём. А калі чалавек сабраўся пакінуць Топкае балота, ён раптам пачуў: “Чап-чап…” Гэта сястра расшуквала Бусліка. Чалавек пабачыў яе і сказаў: “Ах, якая ж ты белая! А чапаеш, чапаеш… Проста Чапля нейкая!” Гэтак і сёння яе людзі завуць: Белая чапля.
У гэты момант недалёка моцна бразнулі дзверы. На ганак выйшаў гаспадар хаты, зірнуў на буслянку…
Буся моцна-моцна прыціснуўся да маці.
– Ах, Бусік, – прамовіла яна. – Не бойся, гэты чалавек вельмі добры.
Бусева дзюбка раскрылася ва ўсмешцы.