Пра Бусю, які жыве на Беларусі
Аповесць-казка
Буся хоча ведаць пра ўсё на свеце.
Пасля сняданку брацікі і сястрычкі звычайна па-чы-на-юць драмаць. А яго галаву ажно распіраюць розныя за-пы-тан-кі.
І Буся пад-сту-па-е-цца да таты:
– Кля, а хто чырыкае пад нашай буслянкай?
– Ды гэта ж шэрыя верабейчыкі, – спакойна адказвае бацька. – Па-ся-лі-лі-ся ў галлі, з якога я склаў ніжні паверх.
– А пра што яны чы-ры-ка-юць?
– Гаворка ў іх такая. Мы, буслы, – кля-кля, а яны – чыр-чыр. Вароны – кар-кар. Сініцы – цір-р-цір-р.
– Як цікава, – дробненька застукаў дзюбай Буся. – Як вырасту, вывучу розныя мовы.
– От і да-ве-да-е-шся тады, пра што чырыкаюць вераб’і ў нашай буслянцы.
Бусел за-да-во-ле-на зірнуў на свайго чамучку, а ў таго новая запытанка:
– А чыя буслянка в-вунь на тым высокім дубе за сажалкай?
– Там жывуць мае бацькі!
– У цябе, тата, ёсць бацькі? – здзівіўся Буся.
– Яны табе – дзед і баба, – адказаў Бусел і патлумачыў: – А ты ім – унучак.
Буся задумаўся:
– Хто ж яшчэ мая радня?
Бусел-бацька высока ў неба падняў сваю чырвоную дзюбу і весела за-кле-ка-таў на ўсё на-ва-ко-лле:
– О, кля-кля, каб сабраць усіх нашых блізкіх родзічаў, дык на ўсю вунь тую шырокую лугавіну не змесцяцца.
Буся дзівіўся, але ніяк не мог зразумець, адкуль у яго столькі багата радні. Бацька пачаў тлумачыць:
– У мяне тры браты і дзве сястры. Яны твае дзядзькі і цёткі. У іх ёсць жонкі і мужы. А ў кожнай сям’і па тры дзіцяці. Колькі ў цябе родзічаў?
Буся заморгаў вачыма. Ён яшчэ не ведаў такую вялікую лічбу. Тата знайшоў у гняздзе белыя пёркі, пачаў іх раскладваць і яшчэ раз тлумачыць:
– Калі да маіх трох братоў дадаць дзве сястры, то будзе пяць. А я – шосты.
– Ого, кля, колькі вас было ў гняздзе, – здзівіўся Буся.
– Пачакай, гэта яшчэ не ўсе мы. На другое лета ў братоў з’явіліся жонкі, а ў сясцёр – мужы. Гэта яшчэ пяць родзічаў.
– А мая мама – шостая! – здагадаўся Буся.
– Малайчына! Цяпер давай да шасці дададзім яшчэ шэсць. Будзе дванаццаць!
Бусел-бацька адлічыў па тры пёркі шэсць разоў. І не чакаючы, пакуль Буся выведзе новую лічбу, аб’явіў:
– Гэта будзе ва-сям-на-ццаць. Во колькі у цябе братоў і сясцёр, родных і дваюрадных. А разам з іх бацькамі – трыццаць родзічаў. Бач, якім сямейным клінам мы паляцім у вырай!
Буся а-ша-лом-ле-ны. Ён жа ніколі не думаў, што такі багаты на радню.
– Слухай, татка, а ў тваіх бацькоў ёсць бацькі?
– Ёсць! Яны табе – прабабка і прадзедка.
– А ў пра ёсць прапра?
– Былі, – ціха сказаў бацька і цяжка клекатнуў. – Старэнькімі сталі. Не вярнуліся з выраю.
Бусел задумаўся. Доўга маўчаў. Пасля адкрыў адну тайну:
– Ведай, мой дарагі чамучка. Даўно-прадаўно нашы продкі былі людзьмі. Аднойчы Бог даручыў аднаму чалавеку занесці ў балота поўны мех нейкага дабра. Строга папярэдзіў: “Толькі не развязвай мех!” А чалавек той вельмі цікаўным аказаўся. Нёс, нёс скарб ды раптам скінуў з плячэй. Захацелася ведаць, што ён нясе. Развязаў мех, а адтуль папаўзлі вужы, гадзюкі, розныя гады, лупатыя жабы. Чалавек спалохаўся. А Бог пакараў неслуха: “От цяпер станеш буслом і будзеш усё жыццё шукаць тых, каго выпусціў. І карміцца імі будзеш…”
Бусел-бацька пазіраў некуды далёка. Маўчаў.
Задумаўся і Буся.
Раіса БАРАВІКОВА
Уладзімір ЛІПСКІ