Славацкі рай
У чароўнай Славакіі прайшоў першы Міжнародны фестываль мастацкай і музычнай творчасці, спорту і турызму, дзіцячых праектаў “Славянскі рай”.
Міжнародны майстар-клас, форум і конкурс для дзяцей сваю назву атрымаў ад сусветна вядомага парку “Славацкі Рай”. Ён знаходзіцца недалёка ад вядомых гор Высокіх Татраў. Яны заварожваюць прыгажосцю пячор, вадаспадамі, тэрмальнымі крыніцамі, незвычайным ландшафтам і чыстым горным паветрам. Усе ўдзельнікі ліпеньскага форуму былі зачараваны гэтай унікальнай мясцінай! Некаторыя нават мелі магчымасць падчас пленэраў намаляваць цудоўныя краявіды. Спадабаўся гасцям і гатычны касцёл Святой Марыі, і ратуша 14 стагоддзя, і найбуйнейшы замак у Еўропе – Спішскі Град. Многія прыродныя адметнасці “Славацкага Раю”, як і пералічаныя аб’екты, увайшлі ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Конкурсная праграма фестывалю ладзілася на адкрытай сцэне ў цэнтры горада Спішска Нова Вес. Культурны цэнтр яго насычаны мастацкімі школамі, тэатрамі, музеямі, помнікамі гісторыі і архітэктуры.
Праводзілася свята ў намінацыях: “Свет песні”, “Свет танца” “Свет інструментальнай творчасці”, “Свет народнай творчасці і фальклорнага мастацтва”, “Свет мастацкай творчасці і дызайну”, “Свет спорту і турызму”.
Удзел у фестывалі-конкурсе прынялі і чытачы “Вясёлкі”, і выхаванцы цэнтраў творчасці, дзіцячых музычных школ, школ мастацтваў, агульнаадукацыйных школ.
Усе ўдзельнікі з удзячнасцю атрымалі дыпломы і падарункі ад заснавальніка фестывалю – Таццяны Супрановіч. Яна паабяцала, што наступны фестываль будзе яшчэ больш насычаны і запамінальны. Да сустрэчы ў Славянскім раі!
Чытайце і выпісвайце часопіс “Вясёлка” (падпісны індэкс 74845) і чытанку-маляванку “Буся” (падпісны індэкс 00142)!