Сакрэт шчасця
Крышку пра кніжку
Новая кніга Ніны Галіноўскай “Калі я шчаслівы” вельмі сонечная. У ёй сабраны вершы розных гадоў. Творы гэтай кніжкі напоўнены цеплынёй і любоўю да дзяцей.
Кожны знойдзе ў зборніку нешта блізкае для сябе. Вельмі сур’ёзныя вершы пра сям’ю, радзіму, сяброўства, прыроду змяняюцца жартамі, небыліцамі, гумарыстычнымі вершамі. Творы для самых маленькіх сабраны ў асобным раздзеле “Запрашаем у дзетсад. Павітайце дашкалят”. Тут вы знойдзеце невялічкія пацешныя вершы, лёгкія для запамінання. З любімымі казачнымі героямі можна сустрэцца ў раздзеле “Так цікава з Баем – казачкі ён бае”. А вершы пра навакольны свет, поўныя хараства і дзівосаў, сабраны ў нізцы “Любой парою года люблю цябе, прырода”. Вершы Ніны Галіноўскай вучаць дабрыні, працавітасці, шчырасці.
Мастачка Галіна Хінка-Янушкевіч аздобіла кнігу прыгожымі, яркімі ілюстрацыямі. Зборнік выйшаў у “Выдавецкім доме “Звязда”.
Святлана БОГУШ