Кароткі казачны даведнік
Ствараем казку
Ці ведаеце вы, што…
– Сёмага чэрвеня святкуюць Міжнародны дзень казкі.
– Існуе Міжнародны паказальнік казачных сюжэтаў. Гэта каталог, у якім сабраны фальклорныя казачныя сюжэты.
– Навукоўцы сцвярджаюць: каля 50 сюжэтных тыпаў беларускіх казак цалкам арыгінальныя, не перагукваюцца нават з казкамі суседзяў і не маюць аналагаў у міжнародных паказальніках казачных сюжэтаў.
– Адметная асаблівасць беларускага фальклору – казкі пра гераічных волатаў-асілкаў, што перамагаюць розных пачвар.
– У беларускім рэпертуары прыблізна 500 сюжэтаў легендарных казак, ва ўкраінскім – 196, а ў расійскім – 56.
Казка на конкурс!
Казачнае журы шчыра дзякуе ўсім, хто да гэтага дня даслаў свае казкі на конкурс – мінчанам Кацярыне Галавіной, Альжбэце Малішэўскай-Спрынчан, Галі Пятровай, Яўгену Ярмоленку; Крысціне Барэль (в. Рудня, Свіслацкі раён), Ганне Рыжанковай (г. Рэчыца), Вікторыі Старавойтавай (п. Хомічы, Калінкавіцкі раён).
Уважліва сачыце, сябры, за “Вясёлкай”– у наступных нумарах яна ўсміхнецца і вашымі казкамі!
Сёння ж мы друкуем незвычайную падборку, бо стварылі гэтыя казкі юныя творцы з адной сям’і! Лізавета, Платон і Валодзя Саевічы вучацца ў гімназіі №29 г. Мінска. З вялікай падборкі загадак, вершаў і казак, напісаных і дасланых імі на адрас “Вясёлкі”, журы абрала казкі на свой густ і рада пазнаёміць вас з імі.
Іван – сялянскі сын і служба 101
У цёмным лесе жыло-было Цуда-Юда. Служыла яно ў пажарнай ахове Бабы Ягі. Раз паслала гаспадыня Цуду-Юду ў вёску навучыць людзей правілам супрацьпажарнай бяспекі. Хоць у Цуды-Юды было тры галавы, але ніводнай разумнай. Замест таго, каб чытаць лекцыю пра бяспечныя паводзіны, яно стала лётаць над вёскай і падпальваць хаты. Людзі разбегліся. Адзін толькі Іван – сялянскі сын – скакаў, пляскаў у ладкі і радаваўся вялікаму вогнішчу. Тут яго Цуда-Юда і злавіла, звязала і прымчала да Бабы Ягі.
Баба Яга дала Івану кніжку і загадала падрыхтавацца да іспытаў па супрацьпажарнай бяспецы. А сама пайшла паліць у печы ды патэльню рыхтаваць, каб засмажыць Івана-дурня.
Тым часам малойцы са службы ратавання патушылі пажар і злавілі Цуду-Юду. Пасля ўзялі штурмам хатку на курыных лапках і вызвалілі Івана – сялянскага сына.
Івану пашчасціла. Баба Яга яго не з’ела. А веды, якія ён з кніжкі атрымаў, пры ім назаўжды засталіся. Цяпер ён дакладна ведае, што пры пажары трэба тэлефанаваць у службу 101, а не пляскаць у ладкі.
Платон Саевіч, вучань 3 “А” класа.
Вожык-ласун
Жыў-быў вожык-ласун. Аднойчы пайшоў ён у краму па цукеркі. Але дарогу яму перагарадзілі мышы.
– Не дазволім табе набыць цукерак! – пішчалі яны.
Вожык узлаваўся і з’еў самую крыклівую. Яму падалося, што яна была смачнейшай за цукеркі. З таго часу вожык шукае не цукеркі, а мышэй.
Валодзя Саевіч, вучань 1 “В” класа.
Які сказ будзе клічным?
Казка-загадка
Дзяўчынка пісала сачыненне пра восень: “Якая прыгожая восень Вы любіце збіраць рознакаляровыя лісце Я вельмі люблю”. Вось толькі знакі прыпынку ў сказах паставіць забылася: убачыла ката Ваську і пабегла за ім на двор.
Сказы чакалі, чакалі, калі ў іх паставяць знакі прыпынку, а потым пачалі спрачацца, хто з іх галоўны.
– Я павінен быць клічным, бо я стаю ў пачатку! – гучней за ўсіх крычаў першы сказ.
– Можа, і я хачу быць клічным? – запярэчыў другі сказ.
– А мне здаецца, што апошні сказ павінен быць самым гучным, – сказаў трэці сказ.
Усе яны хацелі быць клічнымі. Але, пачуўшы іх спрэчку, у сшытак прыбег адзін клічнік, адзін пытальнік і адна кропка… Як вы думаеце, якім чынам яны размеркавалі месцы?
Лізавета Саевіч, вучаніца 5 “А” класа.
Шаноўныя творцы, аматары казкі!
Рэдакцыя часопіса “Вясёлка” і казачнае журы нагадвае вам, што ў папярэднім нумары мы прасілі вас прыдумаць працяг казкі пра хатку на курыных лапках. Пакрыўдзілася яна на Ягусю, што тая новае жытло сабе абірае. І хатка знікла, і Бабуся Ягуся гаруе. Цяпер яна, канечне, у камфорце жыве, цывілізавана – з цэнтральным ацяпленнем і электрычнасцю – але хатку, старую сваю таварышку-сяброўку, згубіла… Маркоціцца Бабуся-Ягуся. Кажа: “Не даведаюся пра хатку, ад судзейства ў журы адмоўлюся”.
Сябры, ратуйце сітуацыю! Не загубіце рубрыку і конкурс! Дапамажыце хатцы на курыных лапках і яе гаспадыні!
Казачнік Бай