Вершы Соф’і Шах
Сад
У дзядулечкі майго
сад – што трэба, усяго
ў ім дзядуля насадзіў:
яблынь, груш, чарэшань, вішань.
Ну а там, да плота бліжай,
куст кізілу паміж сліў.
Ёсць лімоннік, ёсць айва,
нават абрыкосы два.
Але самая прывабнасць –
кедр, дзядулечку на радасць!
Буякі і буракі
Прыгода гэтая, здаецца,
са Сцёпкам выйшла ў летні час.
Матуля кажа:
– Вось вядзерца,
схадзі па буякі хоць раз.
I не паспела маці ранкам
парадак на двары зрабіць,
як Сцёпка радасна да ганка
з вядзерцам поўненькім бяжыць.
Зірнула маці – і ад здзіву
руку прыклала да шчакі:
зноў пераблытаў мітусліва
сын з буякамі буракі.
Гарлачыкі
На вадзе зіхцяць гарлачыкі –
нібы жоўценькія мячыкі.
Хочуць сплыць да небакраю,
ды карэнне не пускае.
І таму сябе гайдаюць:
бы плывуць, – яны ўяўляюць.
Незабудкі
Маюць круглыя лісточкі,
любяць лёгкія цянёчкі,
быццам свой блакіт баяцца
ў промнях сонца пагубляць.
І нясмела дзень цалюткі
нібы просяць незабудкі
паміж іншых яркіх кветак
іх не забываць.
Лімон
На акне стаіць вазон,
толькі не звычайны ён, –
між бліскучага лісця
жоўта свеціцца лімон!
Праўда, ён яшчэ маленькі,
а ўсё роўна вабны гэткі!
І, што кіслы, не відаць…
Так і хочацца сарваць!