Белая Русь
Среда, 1.10.2014 09:08. Рубрика: Вершы
Шчочку да вуснаў туліць,
каб таямніцу спытаць:
– Белая Русь, матуля,
гэта дзяўчынка? Так?
Як называецца дзіўна.
Ты пра яе раскажы.
– Белая Русь – Радзіма.
Перад табой ляжыць.
Крыкні – яна адгукнецца
звонам гарачых кос.
Кропля з ліста сарвецца,
ускалыхнецца плёс.
Даль захлынецца громам –
Белая Русь запяе.
І азарыцца Нёман –
чыстае вока яе.
Данута БІЧЭЛЬ-ЗАГНЕТАВА
Данута БІЧЭЛЬ-ЗАГНЕТАВА (нарадзілася 1.01.1938) – беларуская паэтэса, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Для дзяцей напісала паэмы і кнігі вершаў “Перапёлка”, “Грыб-парасон”, “Дагані на кані”, “Габрынька і Габрусь” і іншыя.