У вянок памяці паэта Генадзя Бураўкіна
Сёлетні май для беларускай літаратуры надзвычай жалобны. Пайшоў з зямнога жыцця выдатны паэт, шчыры аўтар “Вясёлкі” Генадзь Мікалаевіч Бураўкін.
Яго шчодры талент нястомна ўплятаў у зоркавы вянок беларускай паэзіі верш за вершам, кніжку за кніжкай. Ёсць сярод яго твораў і кніжкі для нашых чытачоў. У адной з іх і той славуты верш, які стаў незабыўнай “Калыханкай”. Яна ўжо каторы год гучыць па беларускім тэлебачанні.
Вы ўсе добра ведаеце яе, як, напэўна, і многія іншыя вершы знакамітага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Прачытайце іх яшчэ раз і пранясіце праз жыццё светлае імя Генадзя Бураўкіна.
Генадзь БУРАЎКІН
Алеся і лес
Любіць жвавая Алеся
Пагуляць з сябрамі ў лесе.
І не проста так, абы,
А каб высачыць грыбы.
Там, дзе жвірыстыя ўзмежкі,
Каля сцежкі – сыраежкі,
А далей, дзе хмызнякі, –
Рыжыкі і маслякі…
Набірай кашы ці вёдры –
Лес Алесін вельмі шчодры.
Куліна і каліна
Дрэўца тонкае Куліна
Пасадзіла ля варот.
Хай сабе расце каліна,
Расцвітае кожны год.
Калі любіце Куліну,
Дык не зломіце каліну.
Прылятай, жураўлік
Паўлік над пракосамі
Разглядае сінь:
– Што мне, дзед, у восені
Сёння папрасіць?
– Як над вёскай плавае
Жураўліны клін,
Папрасі ў жураўліка
Кошык журавін.
І сябрам па бубачцы
Ягады раздай.
Хай усё адбудзецца,
Што ні загадай.
Як паходзіш з кошыкам
Ты сярод людзей,
Журавінка кожная
Стане саладзей,
Журавінным водарам
Ад прысад дыхне,
Стане восень шчодрая
Мілай удвайне, –
І сплыве журба твая
Аж за небакрай.
Ты свайго жураўліка
З выраю чакай…
Прылятай,
Жураўлік!
Падрастай,
Наш Паўлік!
Грак і рак
Пралятаў над рэчкай грак.
Бачыць грак:
У рэчцы –
Рак.
Рáка
Грак
Злавіць наважыў.
Толькі
Грака
Рак заўважыў.
Рак
Пад корч
Далей забіўся.
Грак
Пра корм
Зусім забыўся.
Задзіраку-небараку
У вадзе цяжэй,
Чым рáку.
Злосна вокам бліснуў
Грак,
А яму ўслед
Свіснуў
Рак.